Гаворка ідзе аб так званай «справе расейскай мафіі у Гішпаніі», зь якойга можна даведацца, напрыклад, што кіраўнік Сьледчага камітэту Расеі Аляксандар Бастрыкін атрымаў сваю пасаду дзякуючы пратэкцыі асноўнага абвінавачанага ў гэтай справе, крымінальнага аўтарытэта з Санкт-Пецярбургу Генадзя Пятрова.
Пра новыя знаходкі ў «справе расейскай мафіі» карэспандэнту Радыё Свабода ў Мадрыдзе распавялі прафэсар права Мадрыдзкага ўнівэрсытэту доктар Антонія Сантас, якая ня першы год уважліва сочыць за гэтай гісторыяй, а таксама гішпанскія адвакаты і журналісты.
Ажыятаж, выкліканы ў Расеі публікацыяй у розных СМІ матэрыялаў гішпанскай пракуратуры ў дачыненьні да так званай «расейскай мафіі», якая дзейнічала ў мінулым дзесяцігодзьдзі ў Гішпаніі, і яе сувязяў з высокапастаўленымі расейскімі чыноўнікамі, быў успрыняты ў Мадрыдзе з пэўным зьдзіўленьнем. Гішпанцы лічаць гэткую рэакцыю відавочна запозьненай. Зрэшты, аб «справе расейскай мафіі у Гішпаніі» расейская прэса пісала неаднойчы — магчыма, чарговы ўсплёск цікавасьці да яе сапраўды выкліканы гучным антыкарупцыйным расьсьледаваньнем Аляксея Навальнага, хоць абвінаваўчае заключэньне было падрыхтаванае гішпанскай пракуратурай яшчэ вясной. Галоўныя абвінавачаныя — Генадзь Пятроў і Аляксандр Малышаў — былі арыштаваныя ў Гішпаніі ў 2008 годзе, але неўзабаве вызваленыя пад падпіску аб нявыезьдзе, пасьля чаго абодва схаваліся ў Расеі. Тамсама знаходзіцца яшчэ адзін абвінавачаны, сын Генадзя Пятрова Антон, і іншыя фігуранты справы.
Гэтай гісторыяй гішпанскія сьледчыя пачалі займацца каля 10 гадоў таму, а пік расьсьледаваньня прыпаў на чэрвень 2008 году, калі падчас паліцэйскай апэрацыі пад кодавай назвай «Тройка» былі арыштаваныя два дзясяткі расейцаў. Галоўным падазраваным называўся раней судзімы ў Расеі Генадзь Пятроў, а яго асноўнымі паплечнікамі — выхадцы з Пецярбургу Аляксандар Малышаў і Леанід Хрыстафораў. Яны абвінавачваліся ў адмываньні з дапамогай гішпанскіх пасярэднікаў буйных сум, атрыманых ад злачыннай дзейнасьці ў Расеі: вымагальніцтва, наркагандлю, заказных забойстваў, а таксама ад карупцыйных дзеяньняў чыноўнікаў. У ходзе сьледзтва былі вызначаныя шчыльныя сувязі падазраваных з найвышэйшымі расейскімі службовымі асобамі.
Прафэсар права Мадрыдзкага ўнівэрсытэту доктар Антонія Сантас сачыла за гэтай справай з самага пачатку, зьдзіўленая тым, што ў Расеі на афіцыйным узроўні ёй не надаецца асаблівага значэньня, бо, паводле яе, менавіта супрацоўнікі расейскіх праваахоўных органаў бралі ў расьсьледаваньні самы актыўны удзел. Да прыкладу, яны дапамаглі ўсталяваць сувязі, якія былі ў фігурантаў справы з высокапастаўленымі расейскімі чыноўнікамі. Менавіта на інфармацыю, атрыманую з Масквы, спасылаецца гішпанская пракуратура ў сваіх дакумэнтах. Зрэшты, і без гэтых спасылак зразумела: без дапамогі расейскіх прафэсіяналаў гішпанцы, да прыкладу, не змаглі б разабрацца ў «праслушцы» тэлефонных размоваў фігурантаў «Тройкі», якія вяліся з 2006 году. У гэтых «праслушках» ніхто не фігураваў пад сваім прозьвішчам — кантакты згадваліся па імёнах або мянушках. Гаворка ідзе, як вынікае з матэрыялаў пракуратуры, пра кіраўніка Сьледчага камітэту РФ Аляксандра Бастрыкіна, якому Пятроў, выкарыстоўваючы свае кантакты ў Расеі, нібыта дапамог зрабіць службовую кар’еру, былога міністра абароны Анатоля Сердзюкова, былога прэм’ер-міністра Віктара Зубкова і іншых:
Іспанскім сьледчым інфармацыя пра сувязі падазраваных патрабавалася ў асноўным для «антуражу», каб зразумець іх ролю, месца і магчымасьці ў меркаваных крымінальных структурах. Але чаму гэтая інфармацыя не выкарыстоўвалася ў Расеі, да прыкладу, для барацьбы з карупцыяй у найвышэйшых сфэрах ўлады, гішпанцам ня ясна. На іх думку, «Тройка» з самага пачатку павінна была больш цікавіць Маскву, чым Мадрыд. Бо менавіта з Расеі сьцякалі дзясяткі мільёнаў даляраў і эўра. Яны ўкладаліся Пятровым і яго саўдзельнікамі у нерухомасьць, у банкаўскія актывы — і ня толькі ў Гішпаніі, але і ў іншых краінах, кажа Антонія Сантас:
«Расейскі бок своечасова атрымаў доступ да ўсёй інфармацыі, якая тычыцца дзейнасьці яе грамадзянаў у Гішпаніі. Да прыкладу, пра тое, што яны вывезьлі з Расеі прынамсі 50 мільёнаў эўра. Зразумела, Гішпанія матэрыяльнай шкоды ад гэтага не панесла, у пройгрышы засталася Расея. Так што, мне здаецца, яна ў гэтым выпадку павінна была б дзейнічаць больш рашуча».
Між тым падчас сьледзтва высьветлілася, што грошы Пятрова, хоць і лічыліся крымінальнымі, паступалі ў Гішпанію, мабыць, дзякуючы яго расейскім сувязям, цалкам легальна, пад надзейным «дахам», гэта значыць ужо «адмытыя» праз расейскія банкі. Так што галоўнае абвінавачаньне ў «адмываньні» грошай аказалася практычна недаказальным. Тонкасьці гішпанскага заканадаўства камэнтуе адвакат, які спэцыялізуецца на фінансавых парушэньнях, Хасэ Санчэс:
«Праблема палягае ў самім нашым заканадаўстве аб адмываньні грошай. Менавіта таму шматлікія падобныя злачынствы застаюцца беспакаранымі. Вось, да прыкладу, зьяўляецца замежнік і кажа, што яму на банкаўскі рахунак у Гішпанію паступіла столькі і столькі грошай і ён хацеў бы гэтыя грошы інвэставаць. Дык дзеля Бога! Яму любы з задавальненьнем дапамагае. Раз грошы ў банку, значыць, яны цалкам легальныя. І няважна, ад якой дзейнасьці яны атрыманыя. „Адмываньнем“ лічыцца толькі той выпадак, калі вы ўкладаеце ў нейкі бізнэс наяўныя, прывезеныя ў валізцы. Толькі гэта ў нас расцэньваецца як парушэньне».
Які лёс напаткаў фігурантаў «Тройкі» пасьля арышту? Спачатку яны былі ўзятыя пад варту, але даволі хутка былі адпушчаныя да суду пад заклад — бяз права пакідаць Гішпанію. Тым ня менш той самы Пятроў зьехаў у Расею. Яго адпусьцілі нібыта для догляду за хворай цешчай. Зразумела, ён не вярнуўся. Не вярнуліся з «адпачынкаў» у Расею і іншыя фігуранты справы. Цяпер, праўда, гішпанцы абвясьцілі іх у міжнародны вышук. Адвакат, які спэцыялізуецца на крымінальных справах, Хуліё Марцін Гомэс мяркуе, што гэта чыста фармальны ход:
«Меры па абмежаваньні свабоды падазраваных у нас прымаюцца сьледчым. Ён вырашае, ці пасадзіць чалавека за краты, або абмежавацца адабраньнем у яго пашпарта, або абавязаць яго зьяўляцца штотыдзень для праверкі ў сьледчыя органы. Зразумела, замежнікаў, якія падазраюцца ў прыналежнасьці да мафіі, за мяжу, як правіла, не адпускаюць. А калі сьледчы і вырашыў даць ім такую магчымасьць, то гэтае рашэньне цалкам мог апратэставаць пракурор. Але ў дадзеным выпадку пракуратура нічога не распачала і падсьледныя спакойна зьехалі ».
Марцін Гомэс мяркуе, што расейцаў адпусьцілі нездарма. Бо абвінавачаньне ў адмываньні грошай развалілася. А раз падазраваныя адсутнічаюць, то і суду, і магчымага апраўдальнага прысуду ня будзе.
Зрэшты, гішпанцы, так выглядае, ніколі асабліва і не імкнуліся пасадзіць у турму расейцаў. Для іх галоўнае было пазбавіцца ад падобнай публікі. Такога меркаваньня прытрымліваецца мадрыдзкі журналіст Пабла Муньёс, які вядзе судовую хроніку ў газэце ABC:
«Доўгатэрміновая стратэгія Гішпаніі палягае ў тым, каб прыбраць гэткую публіку з краіны. Ім тут няма чаго рабіць. Гішпанія ня хоча іх брудных грошай. Удары па мафіі наносяцца пасьлядоўна — адзін за адным на працягу апошніх гадоў. Гаворка ідзе пра працяглую працу. Наіўна меркаваць, што з мафіяй можна пакончыць адразу. Гішпанія як дзяржава, якая ахоўвае свой сувэрэнітэт і сваю бясьпеку, будзе працягваць гэтую барацьбу. Асноўнае — даць зразумець мафіёзі, што яны павінны зьехаць з Гішпаніі і з ЭЗ. Няхай адпраўляюцца на ўсе чатыры бакі — мы не жадаем, каб яны жылі сярод нас».
Гішпанскія экспэрты, якія падзяліліся з Радыё Свабода сваімі меркаваньнямі аб сытуацыі вакол справы «Тройкі», лічаць, што Гішпанія зрабіла дастаткова для выкрыцьця фігурантаў гэтай справы. Ці будзе гэтая гісторыя мець працяг, залежыць толькі ад расейскага боку.