Ужо сёньня, 9 сьнежня: Дзень нараджэньня Максіма Багдановіча

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

Міжнародны дзень барацьбы з карупцыяй.

Дэлегацыя Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў і аддзелу Эўракамісіі па палітыцы суседзтва і перамовам аб пашырэньні наведае Менск з рабочым візытам.

Дэлегацыю ўзначаляць намесьнік кіраўнічага дырэктара па пытаньнях Эўропы і Сярэдняй Азіі Гунар Віганд і намесьніца кіраўніка генэральнага дырэктарату па палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні Катарына Матэрнава. Дэлегацыя сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, грамадзянскай супольнасьці, апазыцыйных партыяў, а таксама з кіраўнікамі пасольстваў краінаў Эўразьвязу і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый.

Менск, у прасторы EventSpace (вул. Кастрычніцкая, 16а) адбудзецца фінальная публічная дыскусія «Розныя досьведы ідэнтычнасьці — адна нацыя?» у рамках праграмы «Дэбаты аб Эўропе». Пачатак у 18.30.

Менск, музэй Максіма Багдановіча адзначае 124-ю гадавіну з дня нараджэньня паэта. У 12.00 адбудзецца ўрачыстае ўскладаньне кветак да помніка Максіму Багдановічу (сквэр каля Опэрнага тэатра). У 18.00 у музэі пачнецца вечарына «Дабрыдзень, паночкі!» Сярод запрошаных — пісьменьнікі, паэты і музыкі: Алесь Камоцкі, Георгі Барташ, Улад Лянкевіч, Ганна Янкута, Тацьцяна Нядбай і іншыя.

Масква, Савет Фэдэрацыі разгледзіць закон аб прызнаньні неабавязковымі для выкананьня рашэньняў замежных судоў.

Масква, ваенны камітэт АДКБ абмяркуе дзеяньні Расеі ў Сырыі і захады ў дачыненьні да Турэччыны.

У гісторыі

1976 — заснаваньне Беларускага дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту.
1981 — у Менску адкрыўся помнік клясыку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу.
1990 — Лех Валэнса здабыў перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы.
2001 — у горадзе Старыя Дарогі Менскай вобласьці быў урачыста адкрыты помнік паэтцы Ларысе Геніюш.

У гэты дзень нарадзіліся

1842 — Пётр Крапоткін, расейскі тэарэтык анархізму, гісторык, літаратар.
1891 — Максім Багдановіч, беларускі паэт.
1954 — Жан-Клод Юнкер, люксэмбурскі палітычны дзеяч, дзейны старшыня Эўракамісіі

Цытата

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

Максім Багдановіч