Эгіпет спадзяецца на магілу Неферціці

Неферціці са сваімі дзецьмі

За некалькі тыдняў група дасьледчыкаў адсканавала сьцены грабніцы эгіпецкага фараона Тутанхамона ў Даліне цароў, выкарыстоўваючы радар і інфрачырвоныя прылады, у спадзеве, што дасьледаваньні пацьвердзяць даўнюю гіпотэзу эгіпталёгіі: што за сьцяной пахаваньня Тутанхамона хаваецца доўгашуканая магіла царыцы Неферціці. Пра гэта піша The New York Times.

Гэтае адкрыцьцё будзе хіба ня самым значным у эгіпталёгіі на працягу стагодзьдзя. Гэта адбываецца ў той час, калі эгіпецкая індустрыя турызму, якая перажывае цяжкія часы з-за палітычнай нестабільнасьці і асьцярог нападаў баевікоў, мае патрэбу ў добрых навінах.

Паводле вядомага эгіптоляга Майкла Рыўза, тэсты могуць пацьвердзіць меркаваньне, што дзьве са сьценаў грабніцы Тутанхамона насамрэч прыхоўваюць уваход у пахавальны комплекс Неферціці.

Калі мы там нешта адкрыем, гэта перакуліць сьвет

Для Эгіпта шмат што пастаўлена на карту. Урад мае пільную патрэбу ў гэтай архэалягічнай знаходцы, якая магла б вярнуць турыстаў да помнікаў старажытнасьці. Пляжы і марскія курорты Эгіпту апусьцелі пасьля таго, як у канцы кастрычніка баевікі ўзялі на сябе адказнасьць за зьнішчэньне расейскага самалёта з турыстамі.

Вынікі дасьледаваньняў не канчатковыя, але радыёлякацыйнае сканаваньне дало пераканаўчыя доказы наяўнасьці полых камэраў у сьценах грабніцы. Міністар старажытнасьцяў Эгіпту заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што на 90% гэта сьведчыць пра наяўнасьць іншай камэры, іншай магілы.

Аднак патрэбныя яшчэ дадатковыя дасьледаваньні, пасьля якіх навукоўцы могуць пачаць сьвідраваньне сьценаў.

«Калі мы там нешта адкрыем, гэта перакуліць сьвет», — кажа Мустафа Вазіры, дырэктар старажытнасьцяў Луксору.

Ён можа толькі спадзявацца. Турызм у Эгіпце значна зьменшыўся пасьля таго, як у 2011 годзе адбылося паўстаньне супраць прэзыдэнта Хосьні Мубарака.

За год да паўстаньня па 12 тысячаў чалавек стаялі у доўгіх чэргах кожны дзень, каб наведаць славутасьці Луксора. Да 2012 году іх колькасьць ўпала да ўсяго толькі 300 чалавек на дзень.