Яцанюк: Крэмль застаецца забойцам

Арсені Яцанюк

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк заяўляе, што «галоўным вінаватым у Галадаморы ва Ўкраіне была Масква, а Крэмль быў і застаецца забойцам».

«Над камуністычным рэжымам і расейскім шавінізмам рана ці позна, але непазьбежна будзе ажыцьцёўлена правасудзьдзе і праведзены міжнародны трыбунал. Галоўным вінаватым у Галадаморы была Масква. Крэмль быў і застаецца забойцам. Галоўным злачынцам, які сплянаваў і зьдзейсьніў акт генацыду супраць украінскага народа, быў таталітарны савецкі камуністычны рэжым», — заявіў Яцанюк, у нядзелю, 29 лістапада, у сваім звароце.

Па словах Арсенія Яцанюка, ідэалягічнай асновай для дзеяньняў савецкага тэрору стаў вялікадзяржаўны расейскі шавінізм.

«Я абвінавачваю расейскі шавінізм у маштабных злачынствах супраць чалавечнасьці. Па ўсім пэрымэтры Расейскай дзяржавы няма ні адной краіны, зь якой Крэмль падтрымліваў бы роўныя і добразычлівыя адносіны. Глыбокая, узроставая хвароба расейскага шавінізму і пагарды да кожнага суседа, яго культуры, мовы або рэлігіі сёньня актыўна заахвочваецца рэжымам прэзыдэнта Пуціна. Фактычна, шавінізм прапаведуецца з самых высокіх катэдраў і духоўных прастолаў Расеі. Паглядзіце, зь якой нянавісьцю і злосьцю шавінізм нават цяпер працягвае адмаўляць Галадамор, абараняючы і аргумэнтуючы людаедзтва Сталіна і ўзводзячы яму помнікі», — адзначыў украінскі прэм’ер.

Яцанюк адзначыў, што падтрымлівае ініцыятыву краінаў Балтыі, якія пачалі працэсы па прыцягненьні да міжнароднай адказнасьці за камуністычныя злачынствы.

28 лістапада ва Ўкраіне ўшанавалі памяць ахвяраў Галадамору, у выніку якіх загінулі мільёны людзей.

24 краіны афіцыйна прызналі Галадамор генацыдам украінскага народа. Расея выступае супраць гэтага.

У сакавіку 2014 году Расея анэксавала ўкраінскі Крым. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма рускіх ваенных, але ёсьць «добраахвотнікі».