У Екацярынбургу ў сераду адкрыўся Прэзыдэнцкі цэнтар Барыса Ельцына. Як паведамляе «Інтэрфакс», прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў усклалі кветкі да помніку першаму расейскаму прэзыдэнту. Прэзыдэнта і прэм’ера сустракала дачка Барыса Ельцына Тацяна Юмашава.
На адкрыцьцё запрошаныя прадстаўнікі расейскага кіраўніцтва, лідэры краінаў, якія працавалі з Ельцыным, палітыкі, дзеячы культуры, журналісты і людзі, якія блізка яго ведалі.
Традыцыя захаваньня гістарычнай спадчыны прэзыдэнтаў нарадзілася ў ЗША ў 1939 годзе пасьля рашэньня прэзыдэнта Франкліна Рузвэльта перадаць у дар фэдэральнаму ўраду ўсе свае асабістыя рэчы і афіцыйныя паперы для арганізацыі гістарычнага архіву.
Як паведаміла ў аўторак прэс-служба пасольства ЗША, амбасадар у Расеі Джон Тэфт наведае Екацярынбург, каб прысутнічаць на адкрыцьці Прэзыдэнцкага цэнтру Барыса Ельцына («Ельцын-цэнтру»).
Пасол Тэфт высока ацэньвае намаганьні арганізатараў «Ельцын-цэнтру» ў стварэньні грамадзкага інстытуту, прысьвечанага гістарычнай ролі Ельцына ў разьвіцьці дэмакратыі ў Расеі і яго бачаньня разьвіцьця краіны.