Інтэрнэт-пірату давядзецца рэклямаваць ролік з раскаяньнем, каб захаваць грошы

У якасьці пакараньня чэскі кампутарны пірат павінны разьмясьціць на партале Youtube ролік пра сябе і дабіцца, каб яго паглядзелі 200 тысяч чалавек.

Першы і адзіны за ўсю гісторыю Чэскай Рэспублікі кампутарны пірат, над якім у свой час прайшоў суд, 30-гадовы Якуб Ф. дамовіўся аб «альтэрнатыўным пакараньні», паведамляе чэскае радыё.

У свой час Якуб Ф. распаўсюджваў у сетцы спасылкі, па якіх людзі маглі бясплатна спампаваць праграмнае забесьпячэньне, у прыватнасьці Windows 7 і Windows 8. Агульная шкода, якую ён нанёс вытворцам ліцэнзійнай прадукцыі, склала 5,7 мільёнаў крон (прыкладна 210 тысяч эўра). Суд пастанавіў, што Якуб Ф. павінен выплаціць пазоўніку — Альянсу вытворцаў праграмнага забесьпячэньня BSA — гэтую суму. Аднак у пірата няма такіх грошай, таму BSA і Якуб Ф. дасягнулі пагадненьня: пірат заплаціць меншую суму, але пры гэтым вырабіць і разьмесьціць на Youtube відэаролік пад назвай «Гісторыя майго пірацтва».

Ролік, вядома ж, будзе зроблены ў жанры «раскаяньня». Якуб Ф. павінен не толькі разьмясьціць яго ў інтэрнэце, але і зрабіць так, каб відэа паглядзелі як мінімум 200 тысяч чалавек. У тым выпадку, калі такой лічбы гледачоў дасягнуць не атрымаецца, Якуб Ф. павінен будзе заплаціць BSA ўсе 5.700.000 крон.