Хакеры Anonymous абвясьцілі кампанію супраць «Ісламскай дзяржавы»

Пасьля парыскіх тэрактаў міжнародная хакерская група Anonymous абвясьцілі кампанію супраць сайтаў прыхільнікаў «Ісламскай дзяржавы».

Група выклала відэазапіс, на якім чалавек, апрануты ў традыцыйную для хакерскага руху маску Гая Фокса, на францускай мове папярэдзіў джыхадзістаў аб помсьце за тэракты і абвясьціў, што «Anonymous з усяго сьвету» будуць паляваць на іх. «Мы пачынаем самую вялікую апэрацыю супраць вас. Вы павінны ведаць, што мы знойдзем вас і не дазволім сысьці» — заявіў ён.

Ужо ўчора ў Twitter’ы Anonymous зьявілася паведамленьне аб тым, што хакеры ўзламалі прынамсі 5,5 тысячы твітэр-акаўнтаў баевікоў «Ісламскай дзяржавы».

Акрамя таго, Anonymous пачаў публікаваць асабістыя дадзеныя людзей, якія, як мяркуецца, зьвязаных з ІД.

Спасылкі на масівы дадзеных зьяўляюцца ў Twitter пад хэштэгамі #OpISIS і #OpParis. Самі сьпісы зьяўляюцца на сайтах Ghostbin і Pastebin.

Акрамя таго, у Twitter-акаўнце BinarySec, звязаным з групоўкай Anonymous, зьявілася дата будучай DDOS-атакі на сайты ісламскіх экстрэмістаў. Яна заплянавана на 4 сьнежня 2015 году. «Будзь гатовая, ІД — гаворыцца ў запісе. — І ўдачы, яна табе спатрэбіцца».

Прыхільнікі «Ісламскай дзяржавы» пачалі рассылаць паведамленьні з інструкцыямі, як пазьбегнуць хакерскай атакі з боку групоўкі Anonymous.

Інструкцыі распаўсюджваюцца на арабскай і ангельскай мовах праз рахунак на Telegram, верагодна, зьвязаны з ІД. Аўтары раяць сваім калегам не адчыняць спасылкі, калі яны не ўпэўненыя ў крыніцы, і не рэагаваць на іншыя пасткі хакераў.

У паведамленьні ІД хакеры Anonymous называюцца «ідыётамі».

Хакеры Anonymous пачалі ўзломваць сайты экстрэмістаў пасьля тэрактаў у рэдакцыі часопісу Charlie Hebdo ў студзені 2015 году.