Футбол Англія-Францыя ў аўторак адбудзецца, нягледзячы на тэракты ў Парыжы

Гледачы на стадыёне Stade de France пасьля матчу 13 лістапада, калі ў Парыжы адбыўся шэраг тэрарыстычных нападаў

Футбольная фэдэрацыя Францыі (FFF) паведаміла, што заплянаваны на 17 лістапада ў Лёндане таварыскі футбольны матч паміж зборнымі Францыі і Англіі пройдзе, нягледзячы на тэракты ў Парыжы 13 лістапада.

Раней паведамлялася, што матч хутчэй за ўсё скасуюць з-за магчымых праблемаў зь бясьпекай. Аднак FFF паведаміла на сваім вэб-сайце, што яе прэзыдэнт, Ноэль Ле Грэ пацьвердзіў — матч на лёнданскім стадыёне Wembley адбудзецца, як заплянавана.

Францыя абыграла Нямеччыну з лікам 2-0 ўвечары 13 лістапада на стадыёне Stade de France у прымесьці Парыжу, але падчас гульні ў горадзе пачаліся напады, у выніку якіх загінулі больш за 120 чалавек.

Каля галоўнага стадыёну францускай сталіцы падчас матчу адбыліся выбухі, а ў некалькіх месцах Парыжу нападнікі стралялі ў людзей. У канцэртнай залі Bataclan былі захопленыя закладнікі і паліцыя брала залю штурмам.