Лінкявічус заклікаў Менск ліквідаваць прычыны, якія прывялі да эўрапейскіх санкцыяў

міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус

У Менску зь візытам знаходзіцца міністар замежных спраў Літвы.

Сёньня ў Менску адбылася сустрэча міністра замежных спраў Уладзімера Макея зь яго літоўскім калегам Лінасам Лінкявічусам.

Пасьля яе міністры падышлі да журналістаў, і Ўладзімер Макей сказаў, што, акрамя пытаньняў двухбаковых адносін, яны абмеркавалі прыпыненьне санкцыяў адносна Беларусі з боку Эўразьвязу:

«І я спадзяюся, што гэтая палітыка сыдзе ў нябыт. Мы цэнім аб’ектыўную і канструктыўную пазыцыю ў гэтым пытаньні нашай суседкі Літвы».

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы таксама казаў пра прыпыненьне санкцыяў. Ён сказаў, што гэта дае Беларусі магчымасьць замацаваць усё пазытыўнае, што дасягнута апошнім часам, і ліквідаваць усё тое, што ў свой час прывяло да гэтых санкцыяў. У прыватнасьці, спадар Лінкявічус сказаў, што літоўскі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб грамадзяне Беларусі атрымалі магчымасьць больш спрошчана наведваць Эўразьвяз. Ён сказаў, што ўжо падышоў да канца перамоўны працэс па рэадмісіі, якая зьяўляецца важным этапам для таго, каб падпісаць адпаведнае пагадненьне паміж Менскам і Брусэлем.

Міністры замежных спраў таксама адказалі на пытаньне, чаму да гэтага часу не працуе спрошчаны пераход беларуска-літоўскай мяжы для грамадзян абедзьвюх краін, якія жывуць у памежнай зоне.

Лінас Лінкявічус заявіў, што Літва гатовая хоць сёньня пачаць гэты працэс. Ён нагадаў, што ўсе неабходныя дакумэнты літоўскі бок падпісаў яшчэ пяць гадоў таму і скончыў адпаведныя працэдуры два гады таму. Уладзімер Макей, са свайго боку, сказаў, што ў Беларусі, якая мае агульную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай — ужо дзейнічае падобнае пагадненьне — з Латвіяй. Яно паказала, што ў гэтым ёсьць пэўныя станоўчыя, але і пэўныя адмоўныя моманты.

«Таму, — сказаў Уладзімер Макей, — мы цяпер вывучаем нэгатыўную частку гэтай праблемы дзеля таго, каб ліквідаваць усе мінусы кшталту павелічэньня чэргаў на мяжы». Толькі пасьля гэтага справа зрушыцца, даў зразумець беларускі міністар.

Апошнім пунктам парадку дня Лінкявічуса ў Менску — сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, пасьля чаго ён накіруецца ў Абу-Дабі.