Расейцы, якія ваявалі на Данбасе, не прызналі сябе вінаватымі і назваліся беспрацоўнымі

Your browser doesn’t support HTML5

10 лістапада Галасееўскі раённы суд Кіева пачаў разглядаць па сутнасьці справу двух расейскіх грамадзян, затрыманых на Данбасе. Аляксандар Аляксандраў і Яўгеній Ерафееў, якія раней называлі сябе расейскімі вайскоўцамі, у судзе назваліся беспрацоўнымі і не прызналі сябе вінаватымі.

Ерафеева і Аляксандрава ва Ўкраіне абвінавачваюць па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу гэтай краіны, у тым ліку ў «арганізацыі, удзеле і ажыцьцяўленьні агрэсіўнай вайны супраць Украіны і садзейнічаньні дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі». Пракуратура мае намер патрабаваць для іх пажыцьцёвага зьняволеньня.

Расейцы былі затрыманыя падчас бою ў Луганскай вобласьці. На допыце яны заявілі, што зьяўляюцца дзейнымі расейскімі вайскоўцамі з тальяцінскай брыгады ГРУ. Міністэрства абароны Расеі заявіла, што да войска яны дачыненьня ня маюць, паколькі звольніліся яшчэ ў сьнежні. Самі затрыманыя раней абвяргалі гэтую інфармацыю.