Канцэрт «Крамбамбулі» ў Вільні. Онлайн-трансьляцыя

7 лістапада ў сталіцы Літвы гурт прэзэнтуе апошні альбом. Трансьляцыю канцэрту можна глядзець праз онлайн-трансьляцыю незалежнага тэлеканала «Белсат». Пачатак — а 21:00.

Гурт прэзэнтуе апошні альбом «Чырвоны Штраль», названы ў гонар культавай віленскай кавярні пачатку XX стагодзьдзя, дзе зьбіралася ў тым ліку беларуская інтэлігенцыя. Сярод гасьцей былі Янка Купала й браты Луцкевічы. Ёсьць зьвесткі, што ў 1916 годзе менавіта там адбылася знакавая сустрэча Луцкевічаў з прадстаўнікамі польскіх і літоўскіх колаў, пасьля якой браты вырашылі імкнуцца не да аднаўленьня Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а да незалежнай Беларусі, якая і была абвешчана ў 1918 годзе пад сьцягам БНР.