Рауль Кастра ня хоча, каб кубінцы «стаміліся» ад яго

Рауль Кастра

Кіраўнік Дзяржсавету Кубы ня стане зноў вылучаць сваю кандыдатуру на гэту пасаду, паколькі асьцерагаецца, што ў адваротным выпадку насельніцтва краіны «стоміцца» ад яго. Пра гэта 7 лістапада паведаміла агенцтва «РИА Новости».

Пра цьвёрды намер сысьці ў адстаўку 24 лютага 2018 году адразу пасьля заканчэньня тэрміну дзейнасьці на пасадзе старшыні Дзяржсавету Кастра-малодшы заявіў на абедзе, які ладзіў у яго гонар прэзыдэнт Мэксыкі Энрыке Пенья Ньета. У гэтай краіне Кастра знаходзіцца з афіцыйным візытам.

Кіраўніком кубінскай дзяржавы Кастра-малодшы стаў у 2008 годзе. Да гэтага ён два гады выконваў абавязкі кіраўніка Дзяржсавету пасьля адстаўкі свайго старэйшага брата Фідэля Кастра. У 2013 годзе пасьля пераабраньня на пасаду кіраўніка Кубы Рауль Кастра заявіў, што ня будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах 2018 году.