Біядэградацыя: Псыхалягічныя катаваньні спэцслужбаў ГДР

Цэнтральны офіс Штазі

Перавешваньне ручнікоў у лазенцы і перастаноўка вазонаў на падваконьні можа давесьці да самагубства — даказана Штазі. Пра мэтады псыхалягічнага зьнішчэньня апанэнтаў камуністычнага рэжыму расказвае Іван Сіяк на сайце Bird in Flight.

Пасьля падзеньня Бэрлінскага муру для вывучэньня адкрыліся 111 кілямэтраў стэляжоў з папяровымі дакумэнтамі, 47 — зь мікрафільмамі, больш за 1 400 000 фатаздымкаў, аўдыёзапісаў і кінастужак. Яны сьведчаць аб тым, як у ГДР будавалася орвэлаўская сыстэма ўсеагульнага сачэньня і пакараньня іншадумцаў.

У 1970-х гадах пачалася нармалізацыя адносін паміж дзьвюма часткамі падзеленай Нямеччыны. Прызнаўшы пасьляваенныя межы, краіны ўсталявалі дыпляматычныя адносіны, а неўзабаве ГДР прынялі ў ААН. Не зьяўляючыся больш ізгоем у зьнешняй палітыцы, ГДР асьцярожней, з аглядкай на міжнародныя нормы, цяпер праводзіла ўнутраную. Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (Ministerium für Staatssicherheit / Stasi / Штазі) вымушана было прыцішыць агрэсіўнасьць, зь якой перасьледавала і саджала ў турмы дысыдэнтаў.

Спрабуючы зьнізіць колькасьць палітычных зьняволеных, але ня даць дысыдэнтам падняць галаву, у 1976 годзе Штазі запускае зусім сакрэтную праграму Zersetzung, чыю назву перакладаюць як «разлажэньне» або «біядэградацыя». Яна прадугледжвала разбурэньне сакрэтнымі мэтадамі кар’еры, прыватнага жыцьця, самой асобы палітычных актывістаў у спробе ня даць ім магчымасьці, сіл і часу процістаяць рэжыму. У гэтым уладам дапамагала армія таемных агентаў і інфарматараў, колькасьць якіх да 1975 году дасягнула 200 000, гэта значыць 1% ад насельніцтва краіны.

Цытата з інструкцыі Міністэрства дзяржбясьпекі ГДР № 1 / 76:

«Зацьверджанымі мэтадамі „Біядэградацыі“ ёсьць:

• Сыстэматычная дыскрэдытацыя шляхам распаўсюджваньня праўдзівых, правяраемых і фальшывых, але праўдападобных ганьбавальных заяў.
• Сыстэматычная арганізацыя правалаў у працы і сацыяльным жыцьці для зьнішчэньня ўпэўненасьці суб’ектаў у сабе.
• Сфакусаванае зьнішчэньне перакананьняў, зьвязаных з пэўнымі ідэаламі і прыкладамі для перайманьня, стварэньне сумневаў у слушнасьці сваёй пазыцыі.
• Стварэньне ў групах і арганізацыях атмасфэры недаверу, узаемнай падазронасьці і суперніцтва з дапамогай выкарыстаньня слабасьцяў некаторых з іх членаў... »

Паводле дадзеных назіраньняў, паведамленьняў стукачоў і апытаньняў найбліжэйшага атачэньня складаўся псыхалягічны профіль суб’екта «Біядэградацыі» з акцэнтам на яго слабасьці, па якіх наносіўся навукова абгрунтаваны і выразна пралічаны ўдар. Нядзіўна, што немцы часта цярпелі ад сваёй акуратнасьці і пэдантычнасьці. Напрыклад, у многіх даказаных выпадках агенты Штазі пранікалі ў кватэры, каб перавесіць карціны, пасунуць мэблю, замяніць гатункі гарбаты і спэцыі ў банках.

У справе лекара Р. з гораду Швэрын перавешваньне ручнікоў у лазенцы і перастаноўка вазонаў на падваконьні спалучаліся з разбурэньнем кар’еры. Галоўны лекар, сакрэтны супрацоўнік Штазі, пастаянна і ў прысутнасьці калег абвяргаў пастаўленыя ёю дыягназы, а настроеныя адпаведным чынам хворыя адмаўляліся ад яе лячэньня. Празь некалькі месяцаў ахвяра перасьледу звольнілася з працы, пераехала ў іншы горад і перастала выходзіць з кватэры. Да выкрыцьця сыстэмы «Біядэградацыя» яна не дажыла некалькі месяцаў, пакончыўшы з сабой неўзабаве пасьля падзеньня Бэрлінскага муру.

Маніпуляцыі з прадметамі ў кватэры, бясконцыя тэлефонныя званкі, незамоўленыя дастаўкі (у дакумэнтах згадваюцца вібратары) разбуралі псыхіку. Атручваньне ежы і наўмысна няправільнае лячэньне — здароўе. Ананімкі, чуткі і фотамантажы — рэпутацыю. Вядомая справа каталіцкага сьвятара, якога агент зазьняў на адным з папулярных у ГДР нудысцкіх пляжаў. Пазьней фота было змантавана са здымкам вядомай у мястэчку прастытуткі і вывешана на браме царквы.

Паводле сучасных ацэнак, ахвярамі «Біядэградацыі» сталі да 10 000 чалавек, псыхіцы ня менш за палову зь іх была нанесеная незваротная шкода. Гэта даказвае выключную эфэктыўнасьць мэтодыкі і тлумачыць, чаму падобныя мэтады прымяняюцца спэцслужбамі па ўсім сьвеце. У прыватнасьці, маскоўскі карэспандэнт брытанскай газэты Guardian у 2007-2010 гадах, аўтар кнігі «Мафіёзная дзяржава» Люк Гардынг сьцьвярджае, што ў ягоны дом, кватэру і офіс неаднаразова ўрываліся супрацоўнікі ФСБ.

Яны пакідалі адчыненымі вокны, адключалі ацяпленьне, мянялі скрынсэйвэры, перастаўлялі будзільнік. На думку журналіста, гэта рабілася, каб запалохаць, паказаць сваю ўсёмагутнасьць і сталую прысутнасьць побач. У расейскім выкананьні мэтодыка працуе ня горш, чым у нямецкай. Гардынг піша, што, вярнуўшыся ў Ангельшчыну, ён адразу ж наглуха заблякаваў уваходныя дзьверы. Параноя адпусьціла яго толькі праз некалькі месяцаў.