Кіраўнік МЗС Літвы: Давайце ўжываць такія ж стандарты да Беларусі, як да іншых краінаў.

Міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер

Сёньня міністры замежных справаў Эўразьвязу на сустрэчы ў Люксэмбургу абмяркоўваюць ход сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і лёс санкцый супраць афіцыйнага Менску, якія былі накладзеныя пасьля выбараў 2010 году.

«Беларусь прагаласавала. Афіцыйны працэнт галасоў, аддадзеных на Лукашэнку, не зьдзіўляе» — сказаў брусэльскаму карэспандэнту Радыё Свабода міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. — «Але ўсё ж былі пэўныя зьмены ў абставінах вакол гэтых выбараў. Перад выбарамі вызвалілі палітвязьняў. Наколькі мы разгледзелі з Бэрліну, выбары не суправаджаліся такімі рэпрэсіямі, якія былі раней. Таму, у залежнасьці ад ацэнкі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ, мы сёньня пагаворым пра ўмовы і часавыя рамкі для мадыфікацыі або зьняцьця санкцый, накладзеных на Беларусь».

Нямецкага калегу падтрымаў шэф польскага МЗС Гжэгаж Схэтына:

«Гэта пытаньне пазыцыі Эўропы: калі мы зачынім дзьверы перад Беларусьсю, то шлях будзе весьці толькі ў адзін бок. Так што ў нейкім сэнсе мы вырашым будучыню Беларусі. Трэба заўсёды памятаць пра гэта. Калі ня будзе эўрапейскага шляху, калі гэтыя дзьверы ня будуць хоць трохі прачыненыя ў Эўропу, тады будуць узмацняцца беларуска-расейскія адносіны, што ня будзе найлепшым пасылам для будучыні Беларусі».

Міністар замежных справаў Харватыі Весна Пусіч выказала спадзяваньне перад сустрэчай Эўрапейскай Рады ў Люксэмбургу, што санкцыі супраць Менску будуць зьнятыя, «прынамсі часова». Яе бэльгійскі калега, Дзід’е Рэйндэрс, быў больш асьцярожны і сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што пытаньне санкцый патрабуе «ўважлівага» абмеркаваньня.

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус справу адмены санкцый супраць Менску прадставіў у яшчэ іншым сьвятле:

«Давайце ўжываць такія самыя стандарты ў адносінах да Беларусі, як да іншых краінаў. Хачу падкрэсьліць, што я не наіўны; я не кажу, што ўсё ідэальна ў Беларусі. Але давайце дзейнічаць адпаведна. Чаму мы павінны ўжываць ў адносінах да Беларусі больш захадаў, чым да іншых краінаў? Я ня буду называць, але вы самі здагадаецеся: ёсьць некаторыя іншыя партнэры ЭЗ, зь якімі мы можам — магчыма, зь якімі мы павінны — быць больш пасьлядоўнымі, але мы гэтага ня робім з розных прычынаў. Так што давайце дзейнічаць адпаведна ў адносінах да Беларусі».