«Мы прыйдзем у Беласток, бо гэта ж наша тэрыторыя» і яшчэ 31 афарызм Улаховіча

Мікалай Улаховіч

Зь дзясятак мясцовых прадстаўнікоў ГА «Беларускае казацтва» прыйшлі 7 кастрычніка на сустрэчу з кандыдатам на прэзыдэнта ў Віцебску ў форменным адзеньні.

Апрача іх, паўтузіна журналістаў ды міжнародных назіральнікаў, у актавай залі сярэдняй школы № 31 прысутнічалі некалькі спадароў у цывільным і некалькі настаўніц.

Гэтыя спадарыні раздавалі прысутным праграму Мікалая Ўлаховіча, а празь некаторы час, выбачыўшыся, пайшлі на ўрокі.

Сустрэча была нядоўгая — усяго каля 45 хвілін. Напрыканцы прагучала прапанова задаваць пытаньні, але ніхто, апрача польскага журналіста, гэтага не зрабіў. Адзінае пытаньне было такое: «Як вы, у выпадку абраньня прэзыдэнтам, будзеце будаваць адносіны з Польшчай?» Спадар Улаховіч адказаў:

«Мы прыйдзем у Беласток, бо гэта ж наша тэрыторыя. Ну, і будзем з вамі сябраваць».

Падобнымі досьціпамі была напоўнена ўся прамова кандыдата, у якой ён асобна спыняўся на некаторых тэмах. Найлепш будзе не пераказваць, а цытаваць самога Мікалая Ўлаховіча.

Пра беларускую мову, Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг

«Я не хачу аднойчы прачнуцца ў іншай краіне. З Пагоняй. Я ня супраць Пагоні, але навошта табе Пагоня, калі ты нічога ня еўшы? Табе трэба гэтая Пагоня?»

«Я да 5-й клясы вучыўся ў беларускай школе. Потым было дужа цяжка перавучвацца, каб вывучыць расейскую мову. Нам такога больш ня трэба».

«У мяне бацька быў партызан, яго паліцаі выдалі, зь бел-чырвона-белымі павязкамі на руках. Цудам уратаваўся сам, толькі ў 1950-я даведаўся, што і яго сям’я ацалела. Дык хіба я магу быць за бел-чырвона-белы сьцяг?»

«Мы зьменім сымбалі ва ўнісон сёньняшняму дню. Яны будуць і не савецкія, і не беларускія. Пагоні і бел-чырвона-белага сьцяга тут ня будзе».

«Ніколі ня быў супраць беларускай мовы. Але каб яна не была моднічаньнем. Есьць на тэлевізіі такія дыктары — у іх у галаве не сказана, што яны ведаюць беларускую мову».

Народу на сустрэчы было ня больш за 20–25 чалавек

Пра цяперашнюю ўладу, прэзыдэнцкія выбары і ката Барсіка

«Прэзыдэнтам можа быць кожны, хто адчувае, што можа прынесьці карысьць краіне. Але я сюды ўлез, і мне не спадабалася, што ў прэзыдэнты можа пайсьці кожны, хто захоча. Ну вось уявіце: вось тут сяджу я, а побач кот Барсік».

«Учора ў Гародні да мяне людзей не пусьцілі. Нікога не паклікалі. Поўная блякада. У Віцебску вось таксама. А думаў, што тут навучальная ўстанова, дык і моладзь прыйдзе. А няма.

Вы мне мусілі даць з кім паразмаўляць!»

«Чыноўнікі хочуць адседзецца. Думаюць, што пераседзяць гэтыя выбары, і ўсё».

«Гэтая ўлада ўжо сябе зжыла і нічога больш выдумаць ня можа. Нам патрэбны прэзыдэнт — геніяльны топ-мэнэджэр».

«Нельга быць добрым царом. Усім па завушніцы не раздасі».

«Я паказаў, што такое беларускае казацтва. З маімі казакамі размаўляць няпроста. Яны заўжды з шашкай і на кані! Ну, гэта я так жартую. Ня бойцеся чалавека са стрэльбай».

«Я ня стаў працаваць зь Ціцянковым, адмовіўся. І шмат з кім яшчэ. Але пакуль мне нічога нельга пра гэта распавядаць».

«Гэтыя выбары я ўжо выйграў. І не глядзіце, што тут да мяне так мала народу прыйшло! Я зразумеў, што самае галоўнае — гэта новае партыйнае будаўніцтва».

«Мы, наша партыя, заваюем давер народа. Бо цяпер у нас надта жорсткая ўлада. Але я памятаю, як пасьля путчу выходзілі нават з КПСС — як гусі, адзін за адным».

«Гасподзь скінуў нам гэтую незалежнасьць».

Пра «Плошчу» і Севярынца

«Навошта хадзіць „на Плошчу“! Гэта не адпавядае цяперашняй сытуацыі. На „плошчы“ вы абламаеце зубы! Ва ўладу трэба прасоўвацца праз партыі».

«Як во прыйдзе раптам да ўлады гаспадзін Севярынец! Гэта ж „Малады фронт“ = Севярынец. А ў „Маладога фронту“ што на плякатах? „Наш Ленін — гэта Бандэра“».

Пра Ўкраіну

«Вось Севярынец і Лябедзька кідаліся са мной біцца. Так і было. І Севярынец крычаў: „Усіх беларускіх хлопцаў — у АТА!“»

«У ДНР мы ня пойдзем ваяваць. Каб нашы хлопцы туды ішлі, я супраць. Але каб нашы хлопцы не ішлі ў АТА. Вось Чаркашын загінуў не за сваю краіну. Паміналі яго тут, а што ён зрабіў для Беларусі?»

«Беларусь павінна стаць палітычнай пляцоўкай, каб замірыць Украіну і Расею».

Віцебскія казакі

Пра Пуціна, Расею і сусьветны крызіс

«Сусьветны крызіс — ён паўсюль. І толькі разам з Расеяй мы зможам зь яго выйсьці. Вось тут моладзь незадаволеная, што ў мяне прарасейскія настроі. А ў мяне такія настроі!»

«Я не праўладны кандыдат і не прарасейскі. Бо Расея грошай не дае. Каб давала, дык і ўзяў бы — пасьля выбараў».

«Наша аснова — русізм. Мы ўсе — тры галіны аднаго дрэва, рускія, беларусы і маларосы. І калі мы гэтага не захаваем, а мы гэта ўжо не захавалі, бо ўжо ёсьць канфлікт ва Ўкраіне, — гэта вельмі кепска».

«Вось тут кажуць: мы супраць расейскіх вайсковых баз. Нават Лукашэнка выказаўся. А што пра гэта гаварыць — што ты супраць? Яны ж ужо ёсьць! І ня нейкія там базы, а аб’яднаныя вайсковыя сілы дзьвюх дзяржаваў! Якая яшчэ можа быць „база“? Пра што вы гаворыце...»

«Я за Пуціна, што ён узяў Крым. Я ўсе рукі „за“. Маладзец, гэта ягоная гістарычная місія, і яна ў вякі ўвайшла! Крым быў расейскі, гэта Хрушчоў сеў, сала паеў і аддаў. Парадаваўся жыцьцю, разумееце?»

Пра Эўразьвяз

«Свабода — дзе яна? Гэта расплывістае азначэньне — свабода. Вось эўрапейскія краіны яднаюцца, каб перамагчы амэрыканскую свабоду».

«Беларусь — не эўрапейская краіна. Нам трэба яшчэ адукацыя. І мала адукацыі — трэба яшчэ й культура. А ў нас культура свая».

«Я за супрацоўніцтва з Польшчай, яна ж такая самая блізкая, як і Расея. Толькі вось з Расеяй у нас больш такія эканамічныя стасункі. А ў Польшчы нашы тавары часта не бяруць. Напэўна, трэба нешта мяняць. А сяброўскія, культурніцкія стасункі трэба разьвіваць!»

Я за сувязі з Эўразьвязам. Ёсьць шмат краін, дзе нас прымуць як работнікаў».

Пра эканоміку

«Ён, бачыце, эканаміст! Нейкі сысунок, малады, як павіян. Ды ў яго столькі зубоў ня вырасла, колькі я іх зьеў на эканоміцы! Ён кажа „Ля-ля-ля, мы сюды інвэстараў паклічам“. Ды які інвэстар сюды пойдзе!»

​«Якія рэформы? Нельга ніякіх рэформаў, не падрыхтаваўшыся да іх. Вы спачатку падгадуйце цэлае пакаленьне, потым настаўнікаў, якія будуць вучыць, а потым — да рэформаў.

Бо рэформы ні да чога не давядуць.

Усё, што было да сёньняшняга дня, — гэта рэформы, прыдуманыя сёньняшняй уладай. А яна вытхнулася, гэтая ўлада! Таму няхай на арэну выходзяць новыя твары! І я прыйшоў сюды ня проста так, а як кандыдат у прэзыдэнты».

Напрыканцы сваіх кароткіх тэзісаў Мікалай Улаховіч выгукнуў «Люба!» Казакі ў першым шэрагу нястройна падтрымалі.