Выбары ў Кыргызстане: онлайн-падлік не спрацаваў

Жанчына галасуе на парлямэнцкіх выбарах у вёсцы Кара-Жыгач, непадалёк ад сталіцы Крыгызстану, Бішкеку, 4 кастрычніка 2015 году

У Кыргызстане адбываюцца парлямэнцкія выбары, на якіх зафіксаваныя тэхнічныя праблемы і зьявіліся паведамленьні пра фальсіфікацыі.

Выбарчыя ўчасткі ўжо зачыніліся. Цэнтральнае выбарчая камісія паведаміла, што на 8 гадзін паводле мясцовага часу яўка выбарцаў склала 45.7 працэнта, а пасьля падліку 1.1 мільёна галасоў наперадзе Сацыял-дэмакратычная партыя Кыргызстану з 26 працэнтамі, а за ёй партыя Рэспубліка Ата-Юрт (Радзіма) з 21 працэнтам і партыя «Кыргызстан» з 9 працэнтамі.

Кыргыская служба Радыё Свабода паведамляе, што каля некаторых участкаў стаялі доўгія чэргі, а выбарцы скардзіліся, што ім даводзілася чакаць па 2-3 гадзіны, каб прагаласаваць.

Амаль 2.7 мільёна выбарцаў зарэгістраваліся для галасаваньня, атрымаўшы біямэтрычныя пасьведчаньні — першыя ў Цэнтральнай Азіі — якія выкарыстоўваюцца, каб ідэнтыфікаваць людзей паводле адбіткаў пальцаў і прадухіліць фальсіфікацыі.

Намесьнік прэм’ер-міністра Таірбек Сарпашаў сказаў 4 кастрычніка, што прыкладна 3-5 працэнтаў выбарцаў мелі «тэхнічныя праблемы зь біямэтрычнай сыстэмай галасаваньня».

Паводле ЦВК, інтэрнэт-сыстэма падліку галасоў не спрацавала, а аўтаматычныя ўрны для галасаваньня не працавалі на 52 з 2,374 участкаў у краіне.

Кыргыская служба Радыё Свабода таксама атрымала паведамленьні ад студэнтаў пра фальсіфікацыі на выбарах, арганізаваныя іх унівэрсытэцкімі выкладчыкамі.