Супраць расейскай авіябазы Тацяна Караткевіч будзе пратэставаць у Бабруйску

Кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч выправілася ў чарговую агітацыйную паездку. Разам з даверанымі асобамі яна наведае сем гарадоў Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Сёньня ўвечары, прыблізна а 19-й гадзіне, у цэнтры Бабруйску агітбрыгада Тацьцяны Караткевіч правядзе антываенны пікет у сувязі з плянамі разьмясціць расейскую ваенную авіябазу ў Беларусі. Паводле задумы Масквы, база будзе дысьлякаваная менавіта ў Бабруйску. А перад гэтым у бабруйскім моладзевым цэнтры на вуліцы Шангарскай адбудзецца зальная сустрэча кандыдаткі з выбарцамі.

Як паведамляе прэсавая служба палітыка, першы месцам сустрэчы з электаратам стала Мар’іна Горка. Месца пад пікет улады вылучылі найбольш нязручнае — стадыён на далёкім ўскрайку. Караткевіч пагаварыла зь людзьмі, якія а 9-й раніцы ўсё ж дабраліся туды, а затым папросту пачала абыходзіць мясцовыя хаты: жыхары адразу яе пазнавалі, з ахвотай запрашалі на гарбату, дыскутавалі, абяцалі падтрымку.

Затым кандыдатка ў прэзыдэнты пайшла на ажыўлены гарадзкі рынак, дзе фактычна адбыўся імправізаваны мітынг. Апоўдні быў пікет у Асіповічах, далей Глуск. Да канца выходных Тацяна Караткевіч маецца зладзіць сустрэчы з выбарцамі ў Сьветлагорску, Калінкавічах, Мазыры і Рэчыцы.