Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што мясцовыя выбары, заплянаваныя прарасейскімі сэпаратыстамі ва ўсходняй Украіне — галоўная перашкода ў мірным працэсе.
Алянд пасьля саміту ў Парыжы паміж Нямеччынай, Францыяй, Расеяй і Украінай сказаў, што выбары «павінны быць праведзены ў адпаведнасьці з выбарчым законам Украіны».
Алянд лічыць, што Менскія пагадненьні, верагодна, ня будуць выкананы да канца году, як плянавалася, а іх выкананьне будзе перанесена на наступны год. Паводле яго слоў, Менскія пагадненьні — гэта ня толькі адвод зброі і спыненьне агню, але і палітычны працэс і забесьпячэньне магчымасьці правядзеньня выбараў.
Спатрэбіцца час, каб арганізаваць выбары ва Ўкраіне, якія паважаюць міжнародныя стандарты, і ў выніку так званы Менскі мірны працэс, хутчэй за ўсё, ня будзе завершаны да канца году, заявіў прэзыдэнт Францыі.
«Мы ня хочам правядзеньня выбараў, якія пройдуць на ўсходне-ўкраінскіх тэрыторыях на падставе ўмоваў, які не паважаюць Менскія пагадненьні», — сказаў Алянд. — «Таму нам прыйдзецца выйсьці за межы даты, якая была ўсталяваная для заканчэньня Менскага працэсу, 31 сьнежня 2015 году», — падкрэсьліў прэзыдэнт Францыі ў сваім выступе на прэс-канфэрэнцыі ў Парыжы.
Ён таксама паведаміў, што кіраўнікі МЗС «нармандзкай чацьвёркі» сустрэнуцца ў лістападзе.
Ангела Мэркель заявіла, што праблема Сырыя ня зьвязаная з пытаньнем Украіны, і гэтыя два пытаньні нельга зьвязваць разам.