Да «адлігі» ў Менску ў Эўрапарлямэнце ставяцца з надзеяй, але без ілюзіяў

Кіраўнік групы Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Богдан Здраеўскі заявіў, што палітзьняволеныя ў Беларусі могуць зноў зьявіцца — пасьля выбараў, вынік якіх вядомы загадзя.

Богдан Здраеўскі, былы міністар культуры Польшчы, а цяпер дэпутат Эўрапейскага парлямэнту, кіраўнік групы па Беларусі, рэзюмаваў стаўленьне Эўрапарлямэнту да афіцыйнага Менску як «з надзеяй, але без ілюзіяў», перадае Polskie Radio.

Эўрапарлямэнт абмеркаваў пытаньне стасункаў зь Беларусьсю напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў — дыскусія адбылася ў падкамітэце па правах чалавека і ў дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю. Здраеўскі адзначыў, што, нягледзячы на некаторыя пазытыўныя крокі з боку беларускіх уладаў, цяжка прадказаць іхнія далейшыя дзеяньні.

Пачуцьцё палёгкі відавочнае, кажа Богдан Здраеўскі. Вызваленьне ўсіх палітзьняволеных у канцы жніўня было ўспрынята Брусэлем як «важны прагрэс у намаганьнях па паляпшэньні адносін між ЭЗ і Беларусьсю». Вызваліць палітвязьняў было адной з умоваў магчымага скасаваньня санкцыяў адносна афіцыйнага Менску. Але дэпутаты Эўрапарлямэнту лічаць, што ключавое — ня гэта і нават ня выбары прэзыдэнта ў Беларусі, ключавымі будуць чарговыя парлямэнцкія выбары.

«Мы ведаем, як скончацца прэзыдэнцкія выбары, але вельмі важна, каб у беларускім парлямэнце зьявіліся прадстаўнікі апазыцыі, — кажа Здраеўскі. — Выбары ў парлямэнт будуць вельмі істотным баромэтрам шчырасьці намераў выправіць сытуацыю».

У канцы жніўня Аляксандар Лукашэнка вырашыў вызваліць палітвязьняў. На волю выйшлі шэсьць чалавек, у тым ліку Мікола Статкевіч, былы кандыдат у прэзыдэнты.