Беларусы атрымалі кірылічныя дамэны .БЕЛ

Зь 1 кастрычніка любы ахвочы можа зарэгістраваць сайт на беларускім кірылічным дамэне за 150 тысяч рублёў на год. Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднага рэгулятара дамэнных імёнаў ICANN Міхал Якушаў распавёў Свабодзе пра асаблівасьці новай дамэннай зоны.

Адкрытая рэгістрацыя кірылічных дамэнных імёнаў на дамэне .БЕЛ стартавала 1 кастрычніка. Цяпер можна вольна рэгістраваць сайты накшталт беларускі.бел, надвор’е.бел ці здароўе.бел. Падтрымліваюцца як беларускія, так і расейскія літары: зарэгістраваць можна і купіў.бел, і купил.бел. Рэгістрацыя адбываецца на тых жа ўмовах, што і рэгістрацыя лацінкавых імёнаў на дамэне .BY, цана на год тая ж — 150 тысяч беларускіх рублёў. Праўда, уладальнікі дамэнаў .BY ня маюць прыярытэту пры пакупцы сугучнага дамэну .БЕЛ.

Шэраг імёнаў ужо заняты. 1 сакавіка стартавала прыярытэтная рэгістрацыя імёнаў для ўладальнікаў таварных знакаў і юрыдычных найменьняў. 2 чэрвеня пачалася барацьба за «прыгожыя імёны»: шэраг патэнцыйна запатрабаваных імёнаў прадаваўся на аўкцыёнах, грошы зь якіх пералічваліся на падтрымку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Гэта дазволіла сабраць некалькі соцень тысяч даляраў — самы дарагі дамэн, авто.бел, купілі за 315 млн беларускіх рублёў.

ICANN: Колькасьць сайтаў на дамэне непрадказальная, але гэта не галоўнае

Міхал Якушаў, віцэ-прэзыдэнт міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі ICANN

Стварэньне новай дамэннай зоны, а тым больш «экзатычнай», на лякальным альфабэце, нясе багата клопатаў як мясцовым рэгулятарам, так і міжнародным. Але клопаты апраўданыя ў тым ліку бясьпекай усяго інтэрнэту, распавёў Свабодзе Міхал Якушаў, віцэ-прэзыдэнт міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі ICANN, адказнай за наданьне дамэнных імёнаў і нумароў:

«Хто вывучаў сыстэматэхніку, разумее, што чым сыстэма больш складаная, тым больш яна бясьпечная, устойлівая да пагрозаў, накіраваных на яе зьнішчэньне, пашкоджаньне. Калі ў гэтай сыстэмы ёсьць дадатковыя магчымасьці, у гэтай сыстэмы больш карыстальнікаў, тым лепш для нас як для арганізацыі, што адказвае за функцыянаваньне інтэрнэту ў самым яго карэнным маштабе. Калі яшчэ ў 2009 годзе было прынятае рашэньне пра стварэньне дамэнных зонаў не на лацініцы, стала зразумела, што гэта вакно магчымасьцяў для краінаў зь нелацінскай асновай для мовы: Кітай, арабскі сьвет, Індыя, Японія, Ізраіль, Грузія, Армэнія, шматлікія краіны зь кірыліцай... Кожны новы дамэн — большая зручнасьць для карыстальніка, значыць і павелічэньне колькасьці карыстальнікаў».

Якушаў быў старшынем каардынацыйнай рады па запуску расейскай дамэннай зоны .РФ, рэгістрацыя ў якой пачалася ў 2009-2010 гадах. Ён згадвае, што дагэтуль у Расеі значна больш лацінкавых імёнаў сайтаў на дамэне .RU: 4,5 млн лацінкавых супраць 700-800 тысячам кірылічных.

«Але калі паглядзець на актыўнасьць выкарыстаньня, колькасьць унікальных заходаў, цікавых сайтаў, то гэта больш блізкія велічыні (сайтаў у дамэнах .РФ і .RU. — РС), прычым ёсьць устойлівы рост унікальных дамэнаў у кірылічнай зоне. Выявілася, што для тых, хто жыве ў глыбінцы, прасьцей мець дамэн для свайго шынамантажу ці сваёй паліклінікі, які быў бы напісаны па-расейску. З аднога боку, усё і ня так дрэнна, зь іншага, я б ня стаў падыходзіць да гэтага так, што чым больш дамэнаў, тым лепей. Ёсьць і іншыя прычыны, зь якіх ствараюцца дамэнныя імёны.

Адгадаць, якія дамэны будуць пасьпяховымі, вельмі цяжка. Некалі папулярным быў віетнамскі дамэн, дзе імёны былі бясплатныя, але цяпер гэтая зона скарачаецца. Апошні год быў папулярны .XYZ, застаюцца папулярныя .BERLIN і .LONDON, але горш справы ў .МОСКВА. Галоўнае — даць магчымасьць».

Не «зьдзіраньне грошай», а згуртаваньне нацыі й распаўсюд мовы

Паралельна зь беларускім дамэнам запускаецца і армянскі — .ՀԱՅ (чытаецца як «хай»). Якушаў куруе абодва працэсы з боку ICANN.

«Магу сказаць, што для армянскіх калегаў гэта ніколькі не чаканьне камэрцыйнага посьпеху, а больш сродак згуртаваньня і распаўсюду армянскай мовы, армянскай культуры сярод армянскай дыяспары, а армянаў значна больш у сьвеце, чым жыве ў Армэніі. Задача — ня мець больш дамэнаў, а мець такі кантэнт і такія сродкі камунікацыі, што далі б адчуць сябе ўсім сябрам дыяспары адзінай нацыяй. Дамэн .БЕЛ кірылічны, а кірыліцу маюць многія народы, так што на базе .БЕЛ можна рабіць і інфармацыю, прывабную для турыстаў, напрыклад».

Тым ня менш, можна пачуць меркаваньні і пра тое, што альтэрнатыўныя нацыянальныя дамэны ствараюцца, каб «выбіць грошы» з арганізацыяў: напрыклад, БелАЗ зацікаўлены ў тым, каб паралельна з belaz.by зарэгістраваць белаз.бел, бо іначай ягоным імем могуць скарыстацца іншыя. Па словах Якушава, з самой праблемай рэгістрацыі «свайго другога імя» ICANN не змагаецца, а змагаецца з тымі, хто хоча зарэгістраваць падобныя імёны ў кепскіх мэтах (такіх называюць сквотэрамі, працэс — сквотам).

«Кошт рэгістрацыі дамэну не перавышае некалькіх даляраў, што не такія вялікія грошы, асабліва для БелАЗа. І наўрад ці ёсьць неабходнасьць рэгістравацца ва ўсіх дамэнных зонах, асабліва ў тых, дзе БелАЗ наўрад ці будзе прадавацца. Праблема ў тым, каб уладальнік таварнага знаку мог абараніць свае правы, калі нехта паспрабуе гэта зрабіць там, дзе ўладальнік не пасьпеў зарэгістравацца. Такая працэдура існуе, гэта ўсё працуе. І праз усе тыя этапы, што прайшла Беларусь у атрыманьні дамэну .БЕЛ, яна зможа пазьбегнуць усіх памылак і няўдалых рашэньняў, скандалаў, што перасьледавалі расейскую дамэнную зону».

З палітычным пазбаўленьнем дамэнаў не змагаюцца, затое працуюць законы рынку

Можна пачуць і тое, што нацыянальныя дамэнныя імёны — наогул лішняя рэч, перажытак мінулага. Калі ствараўся расейскі сайт навінаў «Мэдуза», яго з розных прычынаў, у тым ліку палітычных, пасялілі па адрасе meduza.io, на дамэне Брытанскіх тэрыторыяў у Індыйскім акіяне. Тым ня менш, сайт чытаюць у Расеі, ён успрымаецца як расейскі. Не ўплывае на чытанасьць і тое, што Радыё Свабода мае за асноўны адрас svaboda.org (хаця спрацуе і па адрасе svaboda.by). Нашто тады «лішнія літары за кропкай», пытаем Якушава:

«Калі „Мэдузе“ было зручна гэта зрабіць у той дамэннай зоне, што прапанавала добрыя ўмовы, ці дзе гэтае слова было вольнае — дык дай Божа! Калі камусьці зручна пісаць сваю назву па-расейску ці па-беларуску кірыліцай — хай так. Інтэрнэт — гэта не канкурэнцыя за грошы ўладальнікаў імёнаў, а гэта новыя магчымасьці».

Напярэдадні чарговай дэвальвацыі ў Беларусі блякаваліся незалежныя сайты навінаў (за гэта ніхто ня ўзяў на сябе адказнасьць), а таксама асобныя інтэрнэт-крамы (яны — афіцыйна, за пазначэньне цэнаў у далярах). У лік апошніх трапіў і адзін з самых наведвальных беларускіх сайтаў Onliner.by, яму пагражала пазбаўленьне дамэну, у чым многія пабачылі палітычны ціск. «Анлайнэр» часова пераехаў на Onliner.ru. Ці можа міжнародны рэгулятар нешта зрабіць у выпадку палітычнага ціску на сайты, пагрозаў пазбаўленьня дамэнаў?

«ICANN адказвае за дамэнныя імёны верхняга ўзроўню, за тое, што з апошняй кропкай, гэта значыць, .COM, .РФ, .BY... Мы ня ўмешваемся ў палітыку, у нарматыўныя дакумэнты рэгістратур гэтых дамэнаў. Для нацыянальных дамэнаў прыярытэт — нацыянальнае заканадаўства, для камэрцыйных — правілы і нормы іх рэгістратур. Гэта нармальна, далей набываюць сілу законы рынку, ня толькі палітычнага, але і камэрцыйнага ды псыхалягічнага. Калі нехта ня мае ўпэўненасьці ў адэкватнай абароне яго інтарэсаў у канкрэтным дамэне, будзе сыходзіць у іншую зону. Колькі цяпер у Беларусі мабільных апэратараў, тры? Бываюць выпадкі, калі пасьля нейкіх праблем чалавек хоча перайсьці да іншага апэратара, і задача першага апэратара, каб такога жаданьня ня ўзьнікла. Мы можам толькі даваць рэкамэндацыі».

Што рабіць, калі я за мяжой безь беларускай клявіятуры?

Нехта хвалюецца, што на беларускія сайты з кірылічнымі адрасамі будзе цяжка трапіць з-за мяжы — беларусам жа цяжка набраць адрас кітайскага сайта кітайскімі іерогліфамі. Якушаў кажа, што аб такой праблеме ў ICANN думалі, ды яна ня самая цяжкая.

«Гэта частка вялікай праблемы, што па-ангельску завецца „universal acceptance“, гэта цяжка перакласьці на нейкую мову. Яна ў раўнапраўнай апрацоўцы запытаў і інфармацыі на любых мовах. Напрыклад, кірылічныя ці кітайскія і арабскія дамэны не дазваляюць пакуль ствараць паштовыя адрасы, гэтую праблему трэба вырашаць у бліжэйшай будучыні. Нават калі мы распрацуем стандарт, каб можна было рабіць адрасы кшталту рэдакцыя@свабода.бел, давядзецца мяняць раскладку, каб набраць „сьлімак“, „эт“.

З клявіятурай прасьцей за ўсё. Ня так цяжка ўключыць праграму экраннай клявіятуры ці дадаць раскладку клявіятуры. Ды і ў мяне на кампутары няма кірыліцы на клявіятуры, але пальцы памятаюць, дзе якая літара ёсьць. Цяжэй адлюстроўваць кірылічную інфармацыю ў адрасным радку, каб карэктна паказваўся адрас, карэктна адлюстроўваўся ў пошукавых машынах. Гэтая праблема спэцыфічная ня толькі для кірыліцы, а для інтэрнэту агулам. Мы актыўна з гэтым працуем. І, дарэчы, актыўна запрашаем беларускіх спэцыялістаў, інжынэраў і экспэртаў, бо хто як не яны, хто як ня вы ведаеце, з чаго пачынаць».

Якушаў кажа, што ўсё яшчэ застаюцца браўзэры, якія не падтрымліваюць кірылічныя дамэны, ды яны ня ў ліку папулярных. Усе актуальныя (Chrome, Safari, Firefox, Opera, Internet Explorer, Microsoft Edge...) у апошніх вэрсіях адэкватна паказваюць кірылічныя адрасы.