Кінутае немаўля за 8 месяцаў ператварылася ў мумію — прысуд бацькам вынесуць 2 кастрычніка

Віялета і Максім — падсудныя бацькі

У Гомельскім абласным судзе блізіцца да завяршэньня разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да бацькоў, якія абвінавачваюцца ў забойстве і пакіданьні ў небясьпецы сваіх малалетніх дзяцей.

30 верасьня ў судзе далі апошняе слова 36-гадоваму Максіму, біялягічнаму бацьку знойдзенага ў пад’езьдзе дому хлопчыка-немаўляці і пакінутай у замкнёнай кватэры трохмесячнай Сьняжаны. Хлопчык застаўся жыць, а дзяўчынка ці то памерла ад голаду, ці то яе задушылі.

У судзе Максім трымае ў руцэ аркуш паперы і, зазіраючы ў яго, ціха вымаўляе: «Паважаная калегія і прысутныя ў залі, я проста хачу вам сказаць: прашу вас судзіць мяне за тое, што я зрабіў».

Старшынюючы судовай калегіі Мікалай Маратаеў просіць падсуднага гучней паўтарыць сказанае. І той паўтарае: «Прашу судзіць мяне за тое, што я зрабіў. Больш слоў ня маю. Прашу прабачэньня».

Кароткае паседжаньне на гэтым скончылася. Судзьдзя Маратаеў абвясьціў, што вырак будзе агалошаны ў судовай залі ў пятніцу, 2 кастрычніка.

На адным з папярэдніх судовых паседжаньняў дзяржаўны абвінаваўца Юлія Канапелькіна прасіла пакараць бацькоў 20 гадамі турэмнага зьняволеньня, бо яны наўмысна пакінулі бездапаможную дачку Сьняжану ў кватэры адну, ведаючы, што бяз догляду яна памрэ. Яны, лічыць абвінаваўца, гэтага й хацелі, і ўчыненае імі павінна кваліфікавацца як жорсткае групавое забойства. Ніякіх зьмякчальных акалічнасьцяў у справе няма. Ёсьць толькі акалічнасьці, якія абцяжарваюць віну: бацькі п’янствавалі, бадзяжнічалі.

Разблытваць жудасную гісторыю міліцыя пачала сёлета ў студзені, калі ў пад’езьдзе жылога дому знайшлі нованароджанага хлопчыка. Высьветлілася, што нарадзіла яго ў сьнежні 32-гадовая Віялета. Гэта было яе пятае дзіця. Трох старэйшых гадавала бабуля Людміла. Але было няясна, куды падзелася Сьняжана, народжаная ў лютым 2014 году. Трывогу ўзьняла якраз бабуля.

Урэшце яна з сацыяльным пэдагогам і адшукала першай Сьняжану ў замкнёнай кватэры ў мікрараёне «Гомсельмаш». Трохмесячная дзяўчынка праляжала ў дзіцячым вазку восем месяцаў, ператварыўшыся за гэты час у мумію.

Бацькоў дзяўчынкі экспэртыза прызнала прытомнымі, і яны могуць адказваць за свае ўчынкі. У Максіма, аднак, дыягнаставана арганічнае расстройства асобы і сындром залежнасьці ад алькаголю. Ягоная адвакатка заявіла ў судзе, што Максіма трэба апраўдаць, бо падчас разгляду крымінальнай справы не здабыта доказаў яго віны.

Бабуля загінулай Сьняжаны выказала сумнеў, ці Віялета жадала сьмерці сваёй трохмесячнай дачцэ. Абаронца наагул мяркуе, што ў дачыненьні да Віялеты абвінавачваньне неабходна перакваліфікаваць — з забойства на пакіданьне немаўляці ў небясьпецы.

«Калі пачаліся сыходы шматдзетнай маці зь сям’і, трэба было пэдагогам, органам апекі, бабулі зьвярнуць на гэта асаблівую ўвагу. І калі б у той час Віялету пазбавілі бацькоўскіх правоў, такіх падзей не адбылося б», — лічыць адвакатка.

Сама Віялета прызнала, што «нельга было пакідаць дзяцей». Яна прасіла суд не даваць ёй «такога вялікага пакараньня».