Ужо сёньня, 29 верасьня: Дзень нараджэньня Сэрвантэса, Валэнсы і Глобуса

Гарадзеншчына. Аўтар Oleg Latushko

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Фота дня

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Падзеі новага дня, якія чакаюць Беларусь і сьвет сёньня, 29 верасьня, у аўторак.

Афіша:

У Нацыянальным прэсавым цэнтры адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя «Аб ходзе выбарчай кампаніі», старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай. Пачатак у 12.00.

Дэлегацыя фэдэральнага міністэрства ў пытаньнях Эўропы, інтэграцыі і замежных справаў Аўстрыі наведае Менск. Дэлегацыю ўзначальвае адзін з кіраўнікоў МЗС Аўстрыі Міхаэль Цымэрман. Мэтай візыту зьяўляецца прапрацоўка арганізацыйных і іншых пытаньняў, зьвязаных з адкрыцьцём пасольства Аўстрыі ў Беларусі.

Беларусь наведае парлямэнцкая дэлегацыя Бразыліі на чале з намесьнікам старшыні палаты дэпутатаў Нацыянальнага кангрэсу Фэрнанду Лусію Жыякобу. Сёньня адбудзецца яго сустрэча са старшынём палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам.

Менск, у цэнтры «Студыя-67» (Партызанскі пр-т, 2), прэзэнтацыя вынікаў дасьледаваньня «Патэнцыял салідарнасьці ў беларускім грамадзтве». Пачатак у 18.00.

Менск, кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасьці 37а). Піцьцё гарбаты з прывідамі, дзень народзінаў пісьменьніка Адама Глобуса. Пачатак у 20 гадзінаў.

У гісторыі:

1529 — зацьверджаны першы Статут Вялікага Княства Літоўскага.

1772 — першы падзел Рэчы Паспалітай зацьверджаны Соймам.

1872 — адкрылася Полацкая настаўніцкая сэмінарыя

1938 — падпісаная Мюнхенская дамова. Італія, Вялікабрытанія і Францыя пагадзіліся з анэксіяй Нямеччынай Судэцкай вобласьці Чэхаславаччыны.

1939 — зьнішчаны абраз Будслаўскай Маці Божай (адрэстаўраваны ў 1991).

1941 — масавы расстрэл нацыстамі цывільных жыхароў ва ўрочышчы Бабін Яр (цяпер у межах Кіеву).

У гэты дзень нарадзіліся:

106 да н. э. — Гнэй Пампэй Вялікі, рымскі палкаводзец і неаднаразовы консул рэспублікі.

1547 — Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік.

1823 — Уладзіслаў Сыракомля, беларускі і польскі паэт.

1866 — Міхайла Грушэўскі, украінскі гісторык, старшыня Цэнтральнай Рады.

1880 — Сяргей Сахараў, беларускі фальклярыст, этнограф, пэдагог

1891 — Аркадзь Смоліч, беларускі навуковец, палітычны і грамадзкі дзяяч.

1904 — Леў Голуб, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, народны артыст Беларускай ССР.

1912 — Мікелянджэла Антаніёні, італьянскі кінарэжысёр.

1923 — Арсень Лабовіч, беларускі тэатразнавец, крытык.

1943 — Лех Валэнса, заснавальнік польскага прафсаюзу «Салідарнасьць», а пазьней прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.

1946 — Іван Гайшун, матэматык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

1958 — Адам Глобус, беларускі пісьменьнік і мастак.

Цытата:

Ня так цяжка памерці за сябра, як знайсьці сябра, які быў бы варты таго, каб памерці за яго.

Мігель Сэрвантэс