Турэцкія лягеры для ўцекачоў перапоўненыя. Экспэрты не выключаюць новай хвалі мігрантаў

Архіўнае фота. 15 верасьня 2015 году.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сустрэлася ў Нью-Ёрку з прэм’ер-міністрам Турцыі Ахмэтам Давутоглу і заявіла пасьля перамоваў зь ім, што Бэрлін і Анкара «ўзмоцняць супрацоўніцтва ў пошуках выхаду з міграцыйнага крызысу», каб «лепш кантраляваць патокі ўцекачоў».

Нягледзячы на маштабныя выратавальныя апэрацыі ў Міжземным моры з удзелам караблёў некалькіх краін, толькі 27 верасьня каля берагоў Турцыі (якая ўжо прыняла 2 мільёны сырыйскіх уцекачоў) загінулі 17 чалавек, якія спрабавалі перабрацца з Сырыі ў Эўропу.

Як паведамляе карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода, у цяперашні час да сухапутнай мяжы з Эўразьвязам пешшу з Стамбулу рухаюцца больш за тры тысячы сырыйцаў. Яны наладзілі мітынг на цэнтральным аўтавакзале з заклікамі прапусьціць іх у Эўразьвяз. Турэцкія ўлады ня могуць выканаць гэтых патрабаваньняў. Яны апэлююць да разважлівасьці уцекачоў, абяцаюць забясьпечыць іх усім неабходным і адправіць іх назад у лягеры за некалькі кілямэтраў ад сырыйскай мяжы.

Паводле некаторых зьвестак, пракрасьціся ў Эўропу можна толькі морам, і людзі разумеюць гэта. Да грэцкіх выспаў можна дабрацца за пару гадзін, калі пашанцуе і ня будзе шторму. Раней сырыйцаў перавозілі аматары, якія такім нелегальным чынам падзараблялі. Цяпер гэтым займаюцца прафэсіяналы. Для перавозкі ўцекачоў наймаюць былых маракоў і беспрацоўных капітанаў, якія сьпіліся. Яны знаходзяць сьпісаныя разьбітыя судны, рамантуюць іх, набіваюць колькі ў змогу людзьмі і адпраўляюцца ў шлях, спадзеючыся на ўдачу.

У апошні час колькасьць жадаючых зьехаць з краіны рэзка ўзрасла, у тым ліку праз чуткі аб хуткім перасяленьні усіх сырыйцаў назад на радзіму, у так званыя «свабодныя зоны», якія будуць створаныя ў паўночных правінцыях Сырыі пад кантролем апазыцыі і міжнародных гуманітарных арганізацый. Адтуль, паводле задумы антыўрадавай кааліцыі, пачнецца магутнае наступленьне на ўрадавую армію і тэрарыстычную групоўку Ісламская дзяржава, якая заняла большую частку краіны.