Брусэль — Менск: «Перазагрузка» па-беларуску

Уладзімер Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Пятро Парашэнка і Кэтрын Эштан. Менск, 26 жніўня 2014 году

Аляксандар Лукашэнка ня стаў дэмакратам, проста Эўропа зьмяніла параметры ацэнкі яго палітычнага рэжыму, піша Голас Амэрыкі. Але спадзевы Эўропы зьмяніць прыроду ўлады ў Беларусі ў бок дэмакратызацыі беспадстаўныя.

Крызіс ва Ўкраіне актывізаваў кантакты Брусэля зь Менскам. Пры гэтым, Эўразьвяз пачаў надаваць менш увагі ўнутранай сытуацыі ў Беларусі — падобны падыход не гарантуе дэмакратычных пераменаў у гэтай краіне, але можа адбіцца на пагаршэньні рэпутацыі ЭЗ.

Пра гэта заявіў дырэктар праграмы ЭЗ і Расеі ў Фінскім Інстытуце міжнародных адносінаў Аркадзь Мошэс. Экспэрт прадставіў аналіз сытуацыі ў Беларусі на штогадовай канфэрэнцыі PARNAS у Інстытуце Эўрапейскіх і Расейскіх дасьледаваньняў пры Ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона (IERES, George Washington University) у Вашынгтоне.

Аркадзь Мошэс

«Перагляд адносінаў ЭЗ да Беларусі не гарантуе, што Менск адкажа так, як хацелася б Эўропе. Ня варта чакаць лібэралізацыі ўнутры краіны або зрухаў у балянсе зьнешнепалітычнага курсу», — падкрэсьліў Мошэс.

Як перакананы аналітык, адзіным «сумленным» шляхам ажыцьцяўленьня беларуска-эўрапейскай «перазагрузкі» быў бы запуск Менскам усеабдымных палітычных і эканамічных рэформаў. Аднак уладу ў Беларусі цалкам задавальняе тая «тэхнакратычныя мадэль» адносінаў, якая склалася цяпер, асабліва, калі гэта прывядзе да зьняцьця эканамічных санкцыяў, прытоку ў краіну замежных інвэстыцыяў і тэхналёгіяў.

Як мяркуе Мошэс, на фоне ролі Менску ва ўрэгуляваньні ўкраінска-расейскага канфлікту Эўропа зьмяніла крытэры ацэнкі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Раней эўрапейскі падыход грунтаваўся на дэмакратычных каштоўнасьцях, захаваньні правоў і свабодаў чалавека.

«Лёгіка ЭЗ — паколькі ранейшы падыход не спрацаваў, чаму б не паспрабаваць нешта новае, а новае — гэта адмена санкцыяў і супрацоўніцтва ня толькі з апазыцыяй, але і з прадстаўнікамі рэжыму. У Эўропе спадзяюцца, што адносіны з тэхнакратамі ў Менску здольныя зьмяніць прыроду ўлады ў Беларусі ў бок дэмакратызацыі. Гэтыя надзеі беспадстаўныя», — сказаў Мошэс.

Паводле аналітыка, у Эўразьвязе існуюць групы, перакананыя, што праз нармалізацыю адносінаў з саюзьнікамі Масквы можна апасродкавана аказваць уплыў на зьнешнюю палітыку Расеі. Шмат хто ў Эўропе думае, што дзеяньні Расеі ва Ўкраіне выклікалі ў Беларусі сур’ёзную занепакоенасьць уласным сувэрэнітэтам, што на фоне эканамічнага крызісу ўнутры Расеі і зьніжэньня здольнасьці Масквы інвэставаць у эканоміку Беларусі, можа падштурхнуць Менск да перагляду прыярытэтаў сваёй зьнешняй палітыкі на карысьць партнэрства з ЭЗ. Таму, лічаць у Эўропе, ёй трэба першай працягнуць руку. «Гэта глыбока прадуманая канцэпцыя, за выключэньнем адной праблемы — яна ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю, гэта прыклад тэндэнцыі выдаваць жаданае за рэальнае», — заявіў Мошэс.

Паводле заключэньня экспэрта, рэжым у Менску ніяк не зьмяніўся з моманту анэксіі Расеяй Крыму: «Амаль нічога ва ўнутранай палітыцы не прадракае магчымай лібэралізацыі».

Перадвыбарчая кампанія па абраньні прэзыдэнта Беларусі, на думку Мошэса, праходзіць у менш свабоднай і менш плюралістычнай абстаноўцы, чым кампаніі 2006 і 2010 гадоў. Вызваленьне шасьці палітычных вязьняў было ажыцьцёўлена толькі пасьля заканчэньня рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты, з тым каб для ўдзелу ў выбарах ня змог зарэгістравацца найбольш папулярны сярод апазыцыі палітычны вязень. Мошэс падкрэсьліў, што першапачаткова ЭЗ патрабаваў ня проста вызваленьня, але таксама і рэабілітацыі ўсіх палітычных вязьняў, аднак Менск, даўшы ім прэзыдэнцкую амністыю, пакінуў іх у статусе асуджаных злачынцаў, так што яны і ў будучыні будуць пазбаўленыя права ўдзельнічаць у якасьці кандыдатаў у якіх-кольвек выбарах.

На міжнароднай арэне пазыцыя Беларусі, нягледзячы на «бурную жэстыкуляцыю», засталася нязьменнай, лічыць Мошэс: «У дыпляматыі ўлічваюцца факты, а факты ў тым, што Беларусь адмовілася асудзіць анэксію Крыму падчас галасаваньня Генэральнай Асамблеі ААН у сакавіку 2014 году, а ў 2015 годзе пацьвердзіла сваю пазыцыю на саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Рызе, зрабіўшы, разам з Армэніяй, бессэнсоўнай сумесную дэклярацыю саміту».

Мошэс таксама нагадаў, што, згодна з афіцыйнай рыторыкай Менску, Беларусь застаецца найважнейшым партнэрам Расеі: «У сваім звароце да нацыі прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што тыя на Захадзе, хто растлумачыў бы яго адсутнасьць на ваенным парадзе ў Дзень перамогі ў Маскве як сыгнал яго салідарнасьці з Захадам — „ідыёты і дурні“».

Сярод перадумоваў патэнцыйнага правалу беларуска-эўрапейскай «перазагрузкі», Мошэс назваў наступныя: Беларусь нельга разглядаць як нэўтральную краіну — яна застаецца адданым ваенным саюзьнікам Расеі; Менск захоўвае высокую ступень эканамічнай і энэргетычнай залежнасьці ад Масквы, а ў ЭЗ няма ні магчымасьці, ні імкненьня замяніць Расею ў якасьці донара Беларусі. Апроч іншага, Расея валодае «калясальным» рэсурсам «мяккай сілы» ў Беларусі, дзе большасьць насельніцтва атрымлівае інфармацыю пра падзеі ў сьвеце з расейскіх крыніцаў:

«Адзін прыклад падобнага ўзьдзеяньня, згодна з апошнімі апытаньнямі грамадзкай думкі, — больш за 65 адсоткаў насельніцтва Беларусі лічаць анэксію Крыму аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Аднак фундамэнтальная прычына беспасьпяховасьці распачатай «перазагрузкі» заключаецца, на думку Мошэса, у падазронасьці і недаверы беларускай і расейскай элітаў да Захаду:

«І Масква, і Менск падазраюць Захад у імкненьні зьмяніць рэжым, так што даверу ў гэтых адносінах быць ня можа. Расея захоўвае аднаасобны кантроль над зьнешняй палітыкай Беларусі. І гэта застанецца нязьменным».

Нармалізацыя адносінаў ЭЗ зь Беларусьсю на ўмовах Менску будзе азначаць легалізацыю рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і адступленьне ад прынцыпаў эўрапейскай дэмакратыі, тым ня менш Эўропа гатовая пайсьці на гэты крок, сказаў Аркадзь Мошэс.