У галяндзкім Эйндховэне прыгадалі гвалтоўна зьніклых беларусаў

Акцыя памяці зьніклых у Эйндховэне

У галяндзкім горадзе Эйндховэн 16 верасьня адбылася цырымонія памяці зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Пра цырымонію, прымеркаваную да 16-ай гадавіны зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, распавяла актывістка грамадзянскай ініцыятывы «Мы прамятаем» Валерыя Красоўская, дачка аднаго са зьніклых.

Валерыя Красоўская на акцыі памяці зьніклых у Эйндховэне

Красоўская: Эйндховэн да нядаўняга часу быў горадам-пабрацімам Менску. У 2008 годзе тут былі пасаджаныя чатыры дрэвы ў памяць пра чатырох гвалтоўна зьніклых беларусаў — Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку і Зьмітра Завадзкага. У сераду тут прайшла цырымонія памяці, выступілі прадстаўнікі Галяндзкага Гэльсынскага камітэту, Amnesty International, і галяндзкіх прафсаюзаў. Потым ўдзельнікі акцыі паглядзелі дакумэнтальны фільм «Банда», які быў зьняты беларускімі праваабаронцамі.

РС: Валерыя, гэта балючае для Вас пытаньне, але — ці памятаеце вы той дзень, 16 верасьня 1999 году?

Красоўская: Я памятаю той дзень, а дакладней, ноч, вельмі добра — я прачнулася, убачыла сьвятло на кухні, там была маці і я зразумела, што нешта здарылася. Я была ўжо не маленькая, мне было 17 гадоў. Маці сказала, што невядома што з бацькам. Я бачыла, як яна спрабавала дашукацца праўды. За гэтыя гады ў пошуках праўды мы зрабілі ўсё, што маглі. Але праўду пра тое, што адбылося, мы даведаемся толькі пасьля зьмены цяперашняй улады.