Брытанскія зьнішчальнікі Typhoon пайшлі на перахоп двух расейскіх бамбавікоў непадалёк ад паветранай прасторы Вялікабрытаніі 10 верасьня, паведаміла міністэрства абароны гэтай краіны.
Паводле міністэрства, былі заўважаныя два расейскія бамбавікі Ту-160 (у заходняй клясыфікацыі Blackjack), і зьнішчальнікі ўзьляцелі з базы ў Шатляндыі і суправаджалі расейцаў да таго часу, пакуль тыя не пакінулі зону брытанскіх інтарэсаў.
Перахопы расейскіх самалётаў сіламі НАТО пачасьціліся за апошні год на фоне напружаньня ў адносінах паміж Захадам і Расеяй у сувязі з канфліктам ва Ўкраіне.