А 19.00 гадзіне адбудзецца прэм’ера абноўленай перадачы «Зона Свабоды» на тэлеканале Белсат. Аналітыкі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык, Віталь Цыганкоў горача спрачаюцца пра прэзыдэнцкую кампанію, праўду-матку рэжуць мінакі на вуліцах Менску, у экслюзыўным інтэрвію для Зоны Свабоды пра Беларусь і Лукашэнку гаворыць што думае першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук. Вядзе гутарку дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук. Паўтор у нядзелю а 20.35 — глядзіце!
У Берасьці працягваецца міжнародны тэатральны фэстываль «Белая вежа».
У вёсцы Гіравічы Валожынскага раёну адбудзецца двухдзённы дабрачынны фэстываль «Карчма» дзеля захаваньня і падтрыманьня належнага стану гістарычнай карчмы XVII-XVIII стагодзьдзяў. Галоўныя фэстывальныя дзеяньні будуць сканцэнтраваныя на ўпарадкаваньні тэрыторыі. Увечары адбудзецца канцэрт з удзелам гуртоў «Стары Ольса», «Літы Талер», «Ceiliсh Сeol», фальклорнага ансамблю «Гасцінец» з Ракава і інш. Спэцыяльны госьць — Анатоль Кашапараў (ансамбль «Песьняры»).
У Менску 12-13 верасьня пройдзе шэраг культурных, спартовых і забаўляльных захадаў, прымеркаваных да Дня гораду.
У межах Форуму выдаўцоў у Львове адбудзецца прэзэнтацыя дзейнасьці Таварыства ўкраінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў.
У гісторыі:
1893 — нарадзілася Паўлiна Мядзёлка, беларуская артыстка, пэдагог, мэмуарыстка. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбурскай прэм’еры аднайменнай п’есы Янкі Купалы.
1929 — нарадзіўся Мікалай Матукоўскі, беларускі драматург.
1945 — нарадзіўся Рыгор Семашкевіч, беларускі пісьменьнік і літаратуразнаўца.
1954 — нарадзіўся Алесь Жлутка, беларускі мовазнаўца і гісторык.
1990 — дамову аб аб’яднаньні Нямеччыны падпісалі міністры замежных справаў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і абедзьвюх Нямеччын.
У памяці:
1934 — памёр Яўген Барычэўскі, беларускі літаратуразнаўца і перакладчык.
Цытата:
«Заўтра ўсё... Заўтра сьмерць.
Мяне выведуць каты.
Сакавік на двары... Яшчэ тыдзень —
і птушкі дамоў,
О буслы, дзеці сонца!
Летучы, адшукайце вы хату,
Дзе жыве маё шчасьце, якога ў жыцьці не знайшоў.
У вясновай красе! Ясна-чыстая, нібы бяроза.
Вуснаў не цалаваў і яе не насіў на руках.
Птушкі! Людзі казалі... Прашу вас праз сьлёзы —
Ўкіньце вы ёй праз комін маленькага хлапчука.»
Рыгор Семашкевіч «Апошняя ноч Каліноўскага» (фрагмэнт)