Гэта настольная гульня, у якой удзельнікам прапануецца стаць на чале або маскоўскага войска, або сілаў Вялікага княства Літоўскага і выконваць заданьні з картак, распрацоўваючы ўласную стратэгію перамогі.
Такая імпрэза праходзіла ў Воршы ўпершыню. У турніры ўзялі ўдзел каля 30 чалавек — мясцовых актывістаў і моладзі, якая адгукнулася на аб’яву пра гульню. Усім ахвотным нават не хапіла месца за чатырма сталамі, і яшчэ колькі чалавек мусілі чакаць свае чаргі, каб пагуляць у гульню, створаную паводле гістарычных падзеяў паўтысячагадовай даўніны.
Падчас гульні
Турнір быў прымеркаваны да 501-х угодкаў славутай бітвы пад Воршай, якая адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта была бітва, падчас якой войска на чале з Канстанцінам Астроскім, вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага, перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства.
Пераможцы настольнай гульні атрымалі прызы — фірмовыя майкі ад удзельнікаў кампаніі «Мы — аршанцы, мы — беларусы» і пачастункі. Напрыканцы адбыўся выступ барда Андрэя Мельнікава, які прыязжае гэткай парой у Воршу штогод.
Прызы для пераможцаў
Мельнікаў зьяўляецца адным з заснавальнікаў бардаўскага фэсту «Аршанская бітва», які ладзіўся на месцы баявых падзеяў з 1990-х. Аднак бардаўская імпрэза трапіла пад забарону: у 2007 годзе міліцыя ачапіла ўсе пад’езды да вёскі Гацькаўшчына, каля якой адбываліся вялікія канцэрты. Людзей зь плецакамі і гітарамі затрымлівалі на аршанскіх вакзалах і гвалтам адпраўлялі з горада, а некаторых нават забіралі ў пастарунак.
Сьпявае Андрэй Мельнікаў
З тае пары міліцыя пільнавала ўдзельнікаў, шукаючы іх па бліжэйшых ад месца Аршанскай бітвы лясах. Паступова традыцыя зьбірацца на бардаўскія канцэрты ў першыя выходныя верасьня трансфармавалася ў прыватныя сустрэчы або іншыя мерапрыемствы. Але штогод 8 верасьня, на ўгодкі Аршанскай бітвы, ў гэтыя мясьціны прыяжджаюць людзі, ускладаюць кветкі і запальваюць сьвечкі каля крыжа ў памяць палеглых ваяроў.
На полі Аршанскай бітвы сёньня