70 гадоў таму Японія падпісала акт аб капітуляцыі

Савецкія і амэрыканскія маракі на Алясцы сьвяткуюць капітуляцыю Японіі, 2 верасьня 1945 году

Падпісаньне акту капітуляцыі Японіяй, якое паклала фармальны канец Другой сусьветнай вайне, адбылося ранкам 2 верасьня 1945 году на борце амэрыканскага карабля «Місуры» ў Такійскай затоцы.

Акрамя прадстаўнікоў японскай арміі і ўраду ды амэрыканскай арміі (генэрала Дагласа МакАртура і адмірала Чэстэра Німіца), акт капітуляцыі Японіі падпісалі прадстаўнікі Кітаю, Вялікабрытаніі, СССР, Аўстраліі, Канады, Францыі, Нідэрляндаў і Новай Зэляндыі.

Умовы «поўнай капітуляцыі» Японіі былі сфармуляваныя саюзьнікамі антыяпонскай кааліцыі — ЗША, Вялікабрытаніяй і Кітаем — у гэтак званай «Патсдамскай дэклярацыі» 25 чэрвеня 1945. У выпадку непрыняцьця гэтых умоваў японскім бокам аўтары дэклярацыі-ультыматуму пагражалі «неадкладным і поўным зьнішчэньнем» Японіі.

28 чэрвеня 1945 Японія афіцыйна адхіліла ўмовы саюзьніцкага ультыматуму. 6 жніўня, у адпаведнасьці з пагрозай, заяўленай у «Патсдамскай дэклярацыі», амэрыканцы скінулі атамную бомбу на Хірасіму. Увечары 8 жніўня 1945 вайну Японіі абвясьціў СССР. 9 жніўня амэрыканцы ўзарвалі атамную бомбу над Нагасакі. 10 жніўня 1945 Японія афіцыйна заявіла пра гатоўнасьць прыняць умовы капітуляцыі, сфармуляваныя ў «Патсдамскай дэклярацыі», з адной агаворкай, якая датычыла ролі японскага імпэратара ў пасьляваеннай палітычнай сыстэме краіны.

Пытаньне мэтазгоднасьці выкарыстаньня амэрыканцамі дзьвюх ядзерных бомбаў у жніўні 1945 неаднаразова ставілася пад сумнеў некаторымі гісторыкамі. У выніку атамнага бамбаваньня Хірасімы і Нагасакі, як ацэньваецца, загінула ня менш за 80 тысяч пераважна цывільнага насельніцтва. Японія на той час, сьцьвярджаюць адны, была блізкая капітуляцыі і без выкарыстаньня атамнай бомбы амэрыканцамі. Іншыя лічаць, што атамнае бамбаваньне значна прыскорыла японскае рашэньне аб капітуляцыі і дазволіла амэрыканцам захаваць жыцьці тысячаў сваіх салдатаў, якія загінулі б падчас высадкі ў Японіі і баёў зь японскай арміяй пры выкарыстаньні звычайнай зброі.

Японскі вайсковец у верасьні 1945 году глядзіць на руіны, якія засталіся пасьля бамбаваньня Хірасімы

Японскія ваеннапалонныя ў лягеры на высьпе Гуам пасьля таго, як яны праслухалі прамову імпэратара Хірахіта аб капітуляцыі, 15 жніўня 1945 году