Шчорсы. За сто кілямэтраў ад Менску гінуць унікальны палац і парк, які памятае Адама Міцкевіча

Зь Менску ў Шчорсы ехаць ня болей як 100 кілямэтраў, калі з гарадзенскай трасы ўзяць на Івянец, адтуль зьвярнуць на Налібокі, потым гравейкай праехаць праз Налібоцкую пушчу і па драўляным мосьце пераехаць празь Нёман каля Панямоні. А далей ужо якраз і Шчорсы — вёска, якая ў канцы 18 стагодзьдзя стала адным з самых прыбытковых маёнткаў Рэчы Паспалітай. Славуты італьянскі архітэктар Джузэпэ да Сака пабудаваў тут цудоўны палац, а на 40 гектарах раскінуўся пэйзажны парк. Пад адным з дубоў таго парку, паводле гістарычных зьвестак, Адам Міцкевіч пісаў сваю паэму «Гражына». У якім стане цяпер палац і парк Храптовічаў? Ці магчыма іх аднавіць? Ці захаваўся легендарны дуб Міцкевіча?

Першы стрэчны жыхар Шчорсаў Васіль, якога мы спыталі пра дарогу да палаца, з сумам паведаміў, што «дварцу даўно няма», а дуб Міцкевіча сьпілавалі гадоў 15 таму. Чамусьці спадар Васіль сказаў, што пад тым дубам Міцкевіч «маляваў» сваю Гражыну, а не складаў пра яе рыфмы. Але хай сабе і гэтак — дубу вось няма, а турыстам ёсьць пра што распавесьці. «Сам дапамагаў пілаваць! Зусім старое было дрэва, пагражала на людзей заваліцца. Але рэшткі там яшчэ валяюцца. Тое самае і з палацам — ёсьць рэшткі, а самога няма», — разьвёў рукамі спадар Васіль.

Жыхар Шчорсаў Васіль: Сам дапамагаў пілаваць дуб Міцкевіча!

Сельсавет у Шчорсах аздоблены перадвыбарчай нагляднай агітацыяй, акуратна выглядаюць царква і школа. А вось у якім выглядзе адкрываюцца воку турыста за школай «графскія разваліны» — лепш бы ня бачыць.

Шчорсы падрыхтаваліся да выбараў прэзыдэнта Беларусі.

Флігелі — у хмызьняку, былыя стайні — сьцены напалову пазавальваліся, гаспадарчыя пабудовы — вакол сьмецьце і смурод.

Стайні графаў Храптовічаў мелі галерэі, як у Вэрсалі.

Гаспадарка ў Храптовічаў была ўзорная, у ёй хапала працы і людзям, і коням.

Тое, што нейкім цудам захавалася пасьля першай і другой сусьветных войнаў, за савецкі час плюс час лукашэнкаўскі цалкам разбурылася ці даходзіць «да апошняй ручкі» і непазьбежна загіне празь якія 10–20 год. Як усё ж уратаваць гэтыя будынкі, на якіх вісяць шыльды пра «гісторыка-культурную каштоўнасьць»?

Флігель палаца, які захаваўся найлепш.

«Куды падзеліся рэшткі палаца?» — пытаемся ў мужчыны, які толькі што вудзіў рыбу на сажалцы ў парку ды вырашыў памяняць месца. З рыбаком сустрэліся каля будынку, дзе месьцілася славутая бібліятэка Храптовічаў: тут было больш за 10 тысяч кніг і каштоўных дакумэнтаў.

Рыбак, які вучыўся ў пачатковай школе ў будынку былой бібліятэкі Храптовічаў.

Рыбак аказаўся гаваркі і распавёў, што яшчэ параўнальна нядаўна ў будынку бібліятэкі Храптовічаў была пачатковая школа, ён сам там вучыўся, але нядаўна школу зачынілі, і цяпер дом на вачах развальваецца.

Гэтак разбураецца бібліятэка Храптовічаў.

«Вунь камяні з вуглоў выпадаюць», — ткнуў пальцам рыбак і падвёў вынік:

«А як заваліцца, потым будзе тое, што і з палацам — мясцовыя па цаглінцы расьцягнуць на сараі. Старшыні Наваградзкага райвыканкаму па чарзе прыяжджаюць, усе спачуваюць, зноў скардзяцца на недахоп грошай, і нічога не мяняецца гадамі».

Будынак славутай бібліятэкі Храптовічаў, дзе было больш за 10 тысяч кніг і архіўных дакумэнтаў.

Будынак славутай бібліятэкі Храптовічаў, дзе было больш за 10 тысяч кніг і архіўных дакумэнтаў.

На ўсіх турыстычных мапах, якіх шмат павыпускалі ў апошнія гады, Шчорсы пазначаныя як месца палацава-паркавага ансамбля графаў Храптовічаў. Хто такія гэтыя графы, ад галоўнага маёнтку якіх засталіся толькі стайні, зарослы парк ды падмуркі з сутарэньнямі?

Палац Храптовічаў на здымку пач. ХХ ст. Фота © К. Шастоўскі

Палац Храптовічаў у Шчорсах. Гравюра з малюнка Н.Орды

«Храптовічы (Храбтовічы) — старажытны беларускі праваслаўны шляхецкі род, некаторыя прадстаўнікі якога, асабліва Іван Літавор Храптовіч, у канцы XV — пачатку XVI ст. ігралі прыкметную ролю ў палітычным жыцьці дзяржавы» — гэта зьвесткі з рэсурсу radzima.org.

Тут жа адзначана, што маёнтак Храптовічаў у Шчорсах у канцы 18 стагодзьдзя лічыўся адным з самых прыбытковых у Рэчы Паспалітай, гаспадары Шчорсаў адмянілі прыгон, упершыню ў ВКЛ пачалі ўжываць шматпольную сыстэму земляробства, вырошчваць бульбу на палях, а не ў гародах, тут апрабоўваліся самыя сучасныя на той час мэтады гаспадараньня на зямлі. Добры прыбытак укладаўся ў разьвіцьцё, як цяпер бы сказалі, «сацыялкі» для мясцовых сялян, у навуку, мэцэнацтва, мастацтва, але і ў атрыбуты раскошы. Прыкладам, для сялян Храптовічы будавалі дамы і за свае грошы арганізоўвалі школы, палац меў карцінную галерэю з 200 палоцен, у парку былі высаджаныя некалькі соцень экзатычных парод дрэў, а галоўны корпус палаца славіўся стольлю з акварыюмам, які зьверху падсьвечваўся адмысловымі ліхтарамі. Асабліва багатым на ўласныя дасягненьні быў Яўхім Літавор Храптовіч, які нейкі час займаў пасаду канцлера ВКЛ, займаўся адукацыяй і навукай, сам пісаў кнігі, у тым ліку напісаў падручнік пчалярства.

Што стала з гэтай прыгажосьцю?

У Першую сусьветную вайну палац Храптовічаў гарэў, але, мяркуючы па фатаздымку 1939 году, сьцены палаца і ягоны галоўны корпус да Другой сусьветнай заставаліся ў адносна нармальным стане, флігелі, як і бібліятэка, былі адноўленыя.

Паўднёвы фасад, фрагмент. Здымак каля 1939 г.

Пасьля ж вайны палац апынуўся ва ўласнасьці мясцовага калгасу і ў 1950-х гадах быў разбураны да падмуркаў.

Сутарэньні пад палацам, якога няма.

Што да флігеляў і гаспадарчых пабудоў, то некаторыя зь іх захаваліся таму, што ў іх пражывалі калгасьнікі, настаўнікі, быў разьмешчаны дзіцячы садок. Цяпер садок закрыты, з кватэр заселенымі таксама засталіся адзінкі. Прывабна выглядае толькі вежа вяндлярні, пабудаваная ў канцы 19 стагодзьдзя. Відаць, яе ўратавала тое, што апынулася яна на тэрыторыі школы, дзе яе ўсё ж не пакідаюць без нагляду.

Вяндлярня маёнтку Храптовічаў канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў.

Між тым парк зусім побач зарос гэтак, што фактычна ператварыўся ў лес. Дуб Міцкевіча сьпілавалі, але рэшткі ў хмызьняку можна знайсьці, калі падкажуць мясцовыя жыхары.

Магчыма, гэта і ёсьць рэшткі славутага дубу Міцкевіча.

Стадыён на месцы клюмбаў перад палацам Храптовічаў. Камяні ды рэшткі цэглы.

Турысты любяць здымацца каля дубоў, якія памятаюць Адама Міцкевіча.

Пры гэтым у парку захавалася яшчэ шмат дубоў — равесьнікаў дуба Міцкевіча. На пляцоўцы перад палацам, дзе раней былі клюмбы, зрабілі стадыён ды баскетбольную пляцоўку. Але і яны ўжо не прыдатныя, каб займацца спортам — сапсаваныя кратамі і зарасьлі хмызьняком.

А што сталася з рухомай маёмасьцю Храптовічаў?

Вялікая частка фонду славутай бібліятэкі Храптовічаў у 1914 годзе была перададзеная на часовае захаваньне Кіеўскаму ўнівэрсытэту і так на радзіму не вярнулася, застаецца ва Ўкраіне. У грамадзянскую вайну маёмасьць графаў Храптовічаў нацыяналізавалі бальшавікі і вывезьлі ў Расею: творы мастацтва і старажытныя каштоўнасьці — у Маскву, архівы і частку бібліятэкі — у Пецярбург. У Беларусь гэтыя каштоўнасьці таксама не вярнуліся, прычым ня бачна, каб іх вяртаньнем цяперашнія ўлады Беларусі былі заклапочаныя.

Калісьці тут былі майстэрні, потым жылі савецкія калгасьнікі.

Прыбудова, якую прадалі прыватніку – адзіны прыклад "прыватызацыі" ў Шчорсах


Між тым, калі вярнуць хаця б частку кніг і каштоўнасьцяў, якія сабралі ў свой час графы Храптовічы, у Шчорсах можна было б адкрыць музэйныя экспазыцыі, прычым зрабіць гэта адносна хутка і безь велізарных укладаньняў: экспазыцыі можна разьмясьціць у будынках бібліятэкі і флігеляў, якія захаваліся і не патрабуюць вялікага рамонту. Цалкам магчыма аднавіць і парк, дзе захаваліся дрэвы часоў Адама Міцкевіча. Шчорсы ляжаць непадалёк ад вядомых турыстычных цэнтраў і трас, каля самага Нёману і славутай Налібоцкай пушчы, тут шмат гістарычных і прыродных помнікаў, таму сюды паедуць турысты ня толькі зь Беларусі, але і з Польшчы, Літвы, Расеі ды іншых краін Эўропы і сьвету.

Пасьля значнага павялічэньня патоку турыстаў у Шчорсы можна было б распачаць і адбудову самога палаца — падмуркі захаваліся, патрэбны толькі грошы і жаданьне.