Ужо сёньня 23 жніўня 2015: Прэзэнтацыя кнігаў Вітаўта Кіпеля і Сяргея Навумчыка ў Нью-Ёрку

Катэдра Сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, дзе адбудзецца прэзэнтацыя дзьвюх кнігаў

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

У Нью-Ёрку, у грамадзкай залі сабору Сьв. Кірылы Тураўскага адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». У цэнтры кнігі — рэфэрэндум, у выніку якога будучыню Беларусі засмактала багна мінулага. Пачатак прэзэнтацыі а 12.00 гадзіне. Адразу потым адбудзецца прэзэнтацыя мэмуарнай кнігі дзеяча беларускай дыяспары ў ЗША Вітаўта Кіпеля «Жыць і дзеіць».

У гісторыі:

1653 — Крычаву нададзена Магдэбурскае права і герб.

1917 — нарадзіўся Пімен Панчанка, беларускі паэт.

1939 — у Маскве паміж Нямеччынай і СССР падпісаная дамова пра ненапад, у тайным пратаколе да якой зацьверджаны падзел Усходняй Эўропы (Пакт Молатава-Рыбэнтропа).

1989 — 2 мільёны чалавек у Латвійскай, Літоўскай і Эстонскай ССР, узяўшыся за рукі, сталі ўздоўж дарогі Вільня-Талін, дамагаючыся незалежнасьці сваіх рэспублік.

У памяці:

1955 — памёр Іван Краскоўскі, беларускі і ўкраінскі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, пэдагог. Сябра ўраду Ўкраінскай народнай рэспублікі, старшыня дыпляматычнай місіі УНР на Каўказе, кансультант беларускай дэлегацыі на перамовах з УНР. Іван Краскоўскі нарадзіўся ў 1880 у Дубічах Царкоўных на Падляшшы. З 1925 — у Менску. Працаваў у БДУ, Інбелкульце, АН БССР, быў сябрам прэзыдыюму Дзяржпляну БССР. Арыштаваны 8 ліпеня 1930 па справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», сасланы на 5 гадоў у Самару. Паўторна арыштаваны 4 лістапада 1937, 19 сакавіка 1940 вызвалены з-пад сьледзтва. Пасьля вайны жыў у Чэхаславаччыне, дзе памёр.

Цытата:

«Нешта журботнае вецер пяе
У лясах парыжэлых.
Аддам я ўсе перамогі свае
За адно паражэньне.
А ты ня хочаш у палон мяне браць,
Не хочаш майго разгрому...
Сьцюдзёным агнём
Рабіны гараць,
Ні цішыні,
Ні грому».

Пімен Панчанка