Мінулы ліпень быў самым гарачым месяцам на Зямлі за ўвесь час маніторынгу тэмпэратуры плянэты, а 2015 пакуль што — самым гарачым годам, паведаміла ў чацьвер Нацыянальнае ўпраўленьне акіянічных і атмасфэрных дасьледаваньняў ЗША. Замеры тэмпэратуры афіцыйна вядуцца з 1880 году.
Сярэдняя тэмпэратура на Зямлі ў мінулым месяцы склала 16,61 градуса па Цэльсію. Тэмпэратура за першыя сем месяцаў гэтага году пабіла папярэдні рэкорд 2010 году на 0,09 градуса.
Амэрыканскія спэцыялісты ў якасьці галоўнай прычыны называюць парніковы эфэкт, выкліканы спальваньнем вялікай колькасьці вуглевадароднага паліва.
У канцы лістапада — пачатку сьнежня ў Парыжы пройдзе канфэрэнцыя ААН па глябальным клімаце. Адзін з пунктаў парадку дня канфэрэнцыі — падпісаньне міжнароднай канвэнцыі аб мерах па прадухіленьні росту сярэдняй тэмпэратуры на Зямлі больш чым на 2 градусы ў параўнаньні з даіндустрыяльнай эпохай. У адваротным выпадку, паводле прагнозаў навукоўцаў, чалавецтва чакае пачашчэньне стыхійных бедзтваў — паводак, засух, ураганаў, павышэньне ўзроўню сусьветнага акіяну.