Ужо сёньня, 18 жніўня. БАТЭ прымае «Партызан», у Менску пікет за свабоду слова, у Празе вечарына Андрэя Хадановіча

Толькі мая Беларусь. За вёскай Сарачы, Любанскі раён, Менская вобласьць. Фота Натальлі Сарагавец

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9.


Афіша:

«Без свабоды слова няма сумленных выбараў» — пад такой назвай 18 жніўня ў Менску мае адбыцца «вялікі тэматычны пікет салідарнасьці з журналістамі-фрылянсэрамі і за свабоду слова». У такім фармаце Аб’яднаная грамадзянская партыя будзе праводзіць ля сталічнага ЦУМа збор подпісаў за вылучэньне свайго лідара Анатоля Лябедзькі кандыдатам на прэзыдэнта. Пачатак у 13 гадзінаў.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі адбудзецца сустрэча Сяргея Лебедзева, кіраўніка місіі назіральнікаў ад СНД на выбарах прэзыдэнта Беларусь, са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Пачатак у 14 гадзінаў.

Менск, у Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы адкрыецца выстава Альбэрта Цехановіча «Далёка» у рамках фотапраекту «Падарожжа з Купалам». Пачатак у 17 гадзінаў.

Барысаў (Менская вобласьць), на стадыёне «Барысаў Арэна» адбудзецца першы матч плэй-оф кваліфікацыйнага этапу Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і бялградзкім «Партызанам». Пачатак у 21-45.

Прага (Чэхія), клюбоўня (5 května, 1043/32), Андрэй Хадановіч з прэзэнтацыяй сваёй новай кнігі — «Нататкі таткі». Пачатак у 18-30.

У гісторыі:

1840 — расейскі імпэратар Мікалай I загадаў забараніць ужываньне тэрміну «беларускія і літоўскія губэрні».

1868 — францускі астраном П’ер Жансэн вынайшаў у сонечным спэктры новы хімічны элемэнт — гелій

1924 — У Менску чэкісты арыштавалі лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава. На запрашэньне Юзэфа Пілсудзкага Савінкаў жыў у Польшчы, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы атрадаў Булак-Балаховіча да рэйдаў на тэрыторыю БССР. Для таго, каб завабіць Савінкава ў Менск, чэкісты стварылі фіктыўную антысавецкую арганізацыю пад назвай «Лібэральныя дэмакраты». Схоплены Савінкаў быў асуджаны на 10 гадоў і, паводле афіцыйнай вэрсіі, у турме скончыў жыцьцё самагубствам.

1941 — У мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну нацысты расстралялі каля тысячы мясцовых жыхароў-габрэяў.

1958 — у ЗША выйшаў славуты раман Уладзіміра Набокава «Лаліта».

1968 — кіраўніцтва краінаў Варшаўскай дамовы ўхваліла ўвод войскаў у Чэхаславаччыну. Войскі СССР, Усходняй Нямеччыны, Польшчы, Вугоршчыны і Баўгарыі ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславаччыны 21 жніўня 1968 году. Вайсковая апэрацыя запыніла лібэралізацыю палітычна-эканамічнага жыцьця ў краіне.

У гэты дзень нарадзіліся:

1891 — Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопісу «Авадзень». «Авадзень» выходзіў на беларускай мове 2 разы на месяц у Вільні ў 1924-1933 гады.

1891 — Макар Краўцоў, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзка-палітычны дзяяч, аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

1922 — Ален Роб-Грые, францускі пісьменьнік.

1922 — Лідзія Абухава, беларуская пісьменьніца.

1933 — Раман Палянскі, кінарэжысэр польскага паходжаньня, які працаваў у Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Паставіў такія фільмы як «Нож у вадзе», «Агіда», «Дзіця Розмары», «Бясстрашныя забойцы вампіраў», «Кітайскі квартал», «Тэс».

У гэты дзень памерлі:

1227 — Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі, арганізатар паходаў у краіны Азіі і Эўропы.

1850 — Анарэ дэ Бальзак, францускі пісьменьнік

2011 — Мікола Сташкевіч, беларускі гісторык

Цытата:

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух

З гімну Беларускай Народнай Рэспублікі (тэкст Макара Краўцова)