Каб у начальнікаў у кабінэце была такая падлога з ракавінамі, як у нас тут бераг на пляжы, — адпачынак на Сожы

Жнівень б’е ў Гомелі шматгадовыя тэмпэратурныя рэкорды — 8 жніўня слупок тэрмомэтра паказваў у ценю плюс 34 градусы па Цэльсію, 9 жніўня паветра прагрэлася да 35 градусаў. Гараджане літаральна высыпалі на абмялелыя берагі ракі Сож, якая прымае іх у сьпякоту ня надта ветліва.

Улюбёнае месца гамельчукоў — Цэнтральны пляж. З гарадзкога парку ўсяго дзьве сотні мэтраў па пешаходным мосьце — і ты ўжо на левым беразе Сожа, у зарэчнай лесапаркавай зоне. Паабапал — пляжы. Узровень вады настолькі ўпаў, што агаліў дно ў шэрагу месцаў пры гарадзкой набярэжнай. На сушы апынулася нават адна з бэтонных апораў моста, якая апошнія дзесяцігодзьдзі заўсёды стаяла ў вадзе.

Гамяльчук Андрэй мае за плячыма паўвека, нарадзіўся й вырас у горадзе па-над Сожам. У гэтыя сьпякотныя дні часьцяком бавіць час на пляжы:

«Такім плыткім Сож не памятаю. Вечарам смурод ёсьць — водарасьлі гніюць. Не было такога. Раней, у савецкія часы, тут земснарады часьцяком паглыблялі раку — чысьцілі, паглыблялі. А цяпер, бачыце, агароджваюць пляж, слупкі паставілі — учора пачалі іх забіваць. Пайшла пагалоска, што выкупілі частку тэрыторыі — відаць, платны пляж будзе».

Па правы бок ад моста людзям наагул складана зайсьці ў раку, каб акунуцца. Бераг спрэс усеяны рачнымі ракавінкамі, многія зь іх тырчаць зь пяску, як лёзы нажоў.

Гараджанін, які назваўся Аляксеем, лічыць, што гарадзкія ўлады абыякавыя да ўпарадкаваньня ўлюбёнага месца адпачынку людзей: «Нельга зайсьці ў ваду, бо ракавіны не даюць — людзі ногі рэжуць. І мэдпункт не працуе — ніяк яго не адрамантуюць. Жанчына з пункту пракату кажа, што за дзень паўдзесятка чалавек дапамагае апрацоўваць раны на нагах. Каб у начальнікаў у кабінэце была такая падлога з ракавінкамі, як у нас тут бераг на пляжы, і каб яны хадзілі па іх. Быў тут намесьнік начальніка гарадзкой ЖКГ Туравец з унукам. Аднак купацца ня стаў, пахадзіў толькі і падаўся на левы бок ад моста. Тут бясьпечна нельга зайсьці ў ваду».

Пункт пракату стаўся пунктам мэддапамогі

Суразмоўца кажа, што гарадзкія ўлады не адрэагавалі на сытуацыю, зьвязаную з абмяленьнем ракі, не паклапаціліся пра ўладкаваньне пляжу, каб людзі ў сьпякоту маглі з камфортам адпачыць:

«Першае пажаданьне: прыбраць водарасьлі, ракавінкі, жалезабэтонныя канструкцыі, вычысьціць і выраўняць бераг — трэба даць цячэньне рацэ. Тры экскаватары працуюць пры канцы набярэжнай з боку гораду — што цяжка паставіць пачысьціць левы бераг? Ніхто анічога. Потым, глядзіце, буфэт адзін і па той бок пешаходнага моста другі. Толку зь іх аніякага, груба кажучы. Там марозіва, вада — і ўсё. Патрэбна яшчэ садавіна розная — цяпер жа лета! А чаму б мангалы ў цяньку не паставіць, шашлыкі не прыгатаваць? Людзі куплялі б з задавальненьнем. Насупраць раней пабудаваная набярэжная — яна шэрая, як турэмная сьцяна. Яе можна даўно пафарбаваць, зрабіць выявы Гомеля на ёй — каб людзі глядзелі ў бок гораду й задавальненьне атрымлівалі».

Аляксей зьвяртае ўвагу й на біяпрыбіральні, якія ўстанавілі камунальнікі на левабярэжжы:

«Тут вось яшчэ біяпрыбіральні стаяць, але іх своечасова не ачышчаюць. Гэта раз. Два: чалавек выйшаў з прыбіральні, ён павінен рукі памыць. Дзе рукамыйнік? Няма яго. Да людзей ставяцца досыць абыякава. Няма дырэктара пляжу! У нас на васемнаццаць гарадзкіх могілак ёсьць адзін дырэктар. Дык, можа, на гарадзкія месцы адпачынку трэба пасаду дырэктара пляжу?»

Гамяльчук паказвае ў вадзе даўно затанулую лодку, якая ляжыць заіленая пры беразе ці адно не з часоў вайны: «Вунь лодка ў іле ляжыць закапаная, ад яе тырчаць толькі драўляныя рогі. Можа, яшчэ ад вайны ляжыць — снарады, можа, на ёй перавозілі. Там, магчыма, і цяпер ляжыць нейкі снарад, мы ж ня ведаем. Я ўжо колькі разоў раіў: дастаньце гэтую гістарычную лодку — вунь рогі ад яе вытыркаюць. Дастаньце! Яна як гістарычная каштоўнасьць будзе для агляду і заадно пераканацца, што там ніякай небясьпечнай брыдоты няма. Прыходзілі, паглядзелі — і нікому ня трэба».

Так званая дзіцячая купальня

Маладая маці, якая прыйшла на пляж з чатырохгадовым сынам, апавяла пра сваё ўражаньне ад гарадзкога пляжу:

«Зусім кепскае дно: колецца, брудна. І ціны шмат, непрыемна нават у ваду заходзіць».

Гамяльчук Уладзімер зьвяртае ўвагу на зьнешні від пешаходнага моста:

«Турыстычны Гомель? Нібыта так. Гарадзкія ўлады павінна цікавіць пытаньне, як выглядае дом, куды яны запрашаюць гасьцей? Дваццаць пяць гадоў мост не фарбаваны — паглядзіце на яго. А калісьці гэты мост, як яго пабудавалі, мільгаў нават у праграме „Время“ з Масквы. Цяпер сорам на яго глядзець. Што — фарбы няма? Бочку фарбы прыдбаць нельга? Ніякімі эканамічнымі складанасьцямі гэта не апраўдаеш — гэта разгільдзяйства й абыякавасьць».

Уладзімер кажа, што паўвека таму Гомель утрымліваў пляж у значна лепшым стане:

«Гомель паўвека таму ўтрымліваў пляж лепш, чым цяпер утрымліваецца. На Цэнтральным пляжы быў пункт пракату — можна было ўзяць валейбольную сетку, лежакі. Можна было ўзяць валейбольныя мячы, тэнісны стол, каб пагуляць. Кожны выходны прыяжджалі аўталаўкі — штук восем, калі ня больш — праз кожныя 30-40 мэтраў стаялі: пячэньне, вада, марозіва, пірожныя — усё, што хочаш. Цяпер гэта дзяржаўная праблема — як гэта прывезьці штосьці на пляж? Вы што, панове?!».

Паўвыспа на правабярэжжы