Расейскі саюз вэтэранаў мае намер прасіць МЗС РФ ініцыяваць стварэньне міжнароднага трыбуналу па бамбаваньнях Хірасімы і Нагасакі, заявіў першы намесьнік кіраўніка думскай фракцыі «Адзіная Расея», лідэр саюзу вэтэранаў Аўганістану Франц Клінцэвіч.
Дэпутат заявіў, што «атамныя бамбардзіроўкі японскіх гарадоў Хірасімы і Нагасакі 6 і 9 жніўня 1945 не дыктаваліся ніякай ваеннай неабходнасьцю, ЗША выкарыстоўвалі іх у якасьці застрашваньня — прычым, перш за ўсё, нават не Японіі, а СССР».
«Лічу гэты акт вандалізму, бессэнсоўны па сваёй сутнасьці, самым сапраўдным злачынствам супраць чалавечнасьці. І яго варта кваліфікаваць менавіта такім чынам праз падключэньне ўсіх міжнародных інстытутаў, у тым ліку ААН», — адзначыў Клінцэвіч.
Ён нагадаў, што Рымскім статутам, якім быў заснаваны Міжнародны крымінальны суд, да такіх злачынстваў аднесеныя дзеі, што выконваюцца ў рамках шырокамаштабнага або сыстэматычнага сьвядомага нападу на любых цывільных асоб.
«Бамбаваньні японскіх гарадоў адназначна падпадаюць пад вызначэньне Рымскага статута», — дадаў першы намесьнік кіраўніка думскай фракцыі «Адзіная Расія».
На яго думку, «злачынствы такога кшталту ня маюць тэрміну даўнасьці, таму і сёньня, праз 70 гадоў, ня позна афіцыйна зафіксаваць гэтае дзеяньне як злачынства супраць чалавечнасьці, і гэта трэба абавязкова зрабіць, каб нікому не прыйшло ў галаву паўтараць падобнае».
6 і 9 жніўня 1945 Хірасіма і Нагасакі сталі першымі гарадамі ў гісторыі чалавецтва, якія падвергліся ядзерным разбурэньням. У бамбёжках загінулі больш за 200 тысяч чалавек.
Your browser doesn’t support HTML5