Турэцкія авіяўдары па пазыцыях Курдзкай Работніцкай партыі

Зьнішчальнікі турэцкіх ВПС атакавалі пазыцыі ваяўнікоў забароненай у Турэччыне Курдзкай Работніцкай партыі (КРП) на паўднёвым усходзе краіны, гаворыцца ў заяве генштабу Турэччыны.

Паведамляецца, што цалкам зьнішчаны некалькі лягераў у цяжкадаступных горных раёнах. У адказ ваяўнікі КРП узарвалі два масты на трасе, якая злучае гарады Дзіярбакыр і Муш на паўднёвым усходзе Турэччыны.

«Так званы працэс дэмакратычнага рашэньня курдзкай праблемы ня можа працягвацца», — заявіў сёньня прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Ён адзначыў, што ўрад ня можа весьці дыялёг з асобамі, якія падтрымліваюць курдзкіх сэпаратыстаў.

Учора альянс НАТО заявіў пра поўную салідарнасьць з Турэччынай у яе барацьбе з ваяўнікамі экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава» і ў той жа час заклікаў праявіць стрыманасьць у кампаніі Анкары супраць курдзкіх сэпаратыстаў. Заява была зробленая на экстраным пасяджэньні НАТО ў Брусэлі на ўзроўні амбасадараў.

Генэральны сакратар НАТО Ёнс Столтэнберг заявіў, што Анкара не патрабуе вайсковай дапамогі і нагадаў, што Турэччына мае другое па колькасьці і эфэктыўнасьці войска ў Паўночнаатлянтычным саюзе. У часе сустрэчы за зачыненымі дзьвярыма прадстаўнікі НАТО заклікалі Турэччыну не выкарыстоўваць празьмерную сілу ў адказ на тэракты і працягнуць мірны працэс з прадстаўнікамі курдзкай меншасьці.