Міністэрства замежных спраў Літвы адказала на словы часовага выканаўцы абавязкаў губэрнатара Калінінградзкай вобласьці Мікалая Цуканава пра тое, што ў Літве «засталося ўсяго каля 1,4 мільёна жыхароў», паведамляе ТВ «Дождж». Адказ ведамства паступіў у рэдакцыю «Дажджу» ў панядзелак, 27 ліпеня.
«Паводле дадзеных Дэпартамэнту статыстыкі Літоўскай Рэспублікі, у пачатку ліпеня 2015 году ў Літве пражывала больш за 2.900.000 жыхароў. Хібнасьць у статыстыцы, якую выкарыстаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Расейскай Фэдэрацыі сп. М. Цуканаў, паменшыла колькасьць жыхароў Літвы „усяго“ ў два разы. Застаецца спадзявацца, што прадстаўляючы статыстычныя дадзеныя аб эканоміцы Калінінградзкай вобласьці РФ, губэрнатар не дапускае такіх непаразуменьняў», — заявілі ў МЗС Літвы.
Заяву аб тым, што ў Літве «засталося ўсяго каля 1,4 мільёна жыхароў» Цуканаў зрабіў у гутарцы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на сустрэчы з арганізатарамі і ўдзельнікамі фэстывалю «Голосящий КиВиН», якая праходзіла ў Сьветлагорску 25 ліпеня.
«Хутка ня будзе каму прыяжджаць [у Калінінградзкую вобласьць]. Колькі ў Літве раней было ў савецкі час?» — спытаў Пуцін. Часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара Калінінградзкай вобласьці адказаў, што ў савецкі час у Літве жылі больш за тры з паловай мільёны чалавек, а цяпер там «засталося ўсяго каля 1,4 мільёна жыхароў», перадае ТАСС.