Жыхароў Алматы эвакуіруюць з прычыны апоўзьню

Сотні жыхароў на ўскраіне былой сталіцы Казахстану Алматы былі эвакуаваныя сёньня з прычыны апоўзьню.

Апоўзень сышоў на горад сёньня раніцай, некалькі дзён сьпякоты прывяло да раставаньня велізарнага ледніка ў гарах непадалёк ад гораду.

Вада перапоўніла азёры і рэкі ў навакольлі, выклікаўшы паводку, якая затапіла дзясяткі дамоў.

Чалавечых ахвяраў няма.

Плаціна на рацэ Каргалі трымае да 30 тысячаў кубічных мэтраў вады і гразі, і ёсьць небясьпека, што яна будзе прарваная.

Улады Алматы абвясьцілі надзвычайнае становішча, на барацьбу са стыхіяй кінутыя 2000 ратавальнікаў, падмацаваныя трыма верталётамі.