Злучаныя Штаты разглядаюць плян пашырэньня навучаньня ўкраінскіх узброеных сіл, заявіў у панядзелак камандуючы амэрыканскімі сіламі ў Эўропе генэрал Бэн Ходжэс.
Цяпер ва Ўкраіне знаходзяцца 305 амэрыканскіх вайскоўцаў, якія ў якасьці дарадцаў і інструктараў ажыцьцяўляюць ваенную падрыхтоўку падразьдзяленьняў украінскай нацыянальнай гвардыі, якія падпарадкоўваюцца Міністэрству ўнутраных спраў Украіны. У выпадку ўхваленьня гэтых плянаў Белым домам навучаньне ўкраінскай рэгулярнай арміі пачнецца ў лістападзе. Па словах генэрала Ходжэса, сярод іншага амэрыканскія дарадцы навучаюць украінцаў спосабам вядзеньня радыёэлектроннай барацьбы з мэтай абароны сродкаў сувязі і кіраваньня баявымі дзеяньнямі ад нападаў праціўніка.
Камандуючы амэрыканскімі войскамі ў Эўропе таксама паведаміў пра тое, што ў яго ёсьць дадзеныя аб працягу ваенных паставак сілам сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны з тэрыторыі Расеі. Ён папярэдзіў аб тым, што сэпаратысты могуць рыхтавацца да новага наступу. «Пакуль нічога ня ўказвае на тое, што такая атака блізкая або непазьбежная, — заявіў генэрал Ходжэс, — я не магу прадказаць, што яна адбудзецца, але многія прыкметы ўказваюць на гэта».