У Брусэлі нечакана адменены саміт ЭЗ па Грэцыі

Заплянаваны на нядзелю саміт дзяржаваў Эўрапейскага зьвязу з удзелам лідэраў 28 краінаў адкладзены ў сувязі з «надзвычай цяжкімі» перамовамі з дэлегацыяй Грэцыі аб трэцім пакеце фінансавай дапамогі, атрыманьня якога дамагаюцца Атэны.

Безвыніковыя і перапыненыя напярэдадні перамовы міністраў фінансаў эўрагрупы аднавіліся ў Брусэлі. Кіраўнік Рады Эўропы Дональд Туск заявіў, «што лідэры эўрагрупы працягнуць сёньня свае перамовы да дасягненьня вынікаў».

У эўрапейскіх палітычных колах асьцерагаюцца, што без дасягненьня пагадненьня з Атэнамі, Грэцыя можа «вылецець» зь ліку дзевятнаццаці ўдзельнікаў эўрагрупы, дзяржаў, якія выкарыстоўваюць эўра ў якасьці адзінай валюты.

Бі-бі-сі паведамляе, што сустрэчы найвышэйшых кіраўнікоў краін Эўразьвязу дагэтуль надзвычай рэдка адмяняліся за такі кароткі час да абвешчанага раней тэрміну пасяджэньня.

Працяглыя перамовы міністраў фінансаў у суботу завяршыліся безвынікова. Кіраўнік эўрагрупы Ерун Дэйсэлблум назваў іх «вельмі цяжкімі». Тым ня менш, перамовы працягваюцца, сказаў журналістам Дэйсэлблум.