У палоне на Данбасе застаюцца 245 украінскіх вайскоўцаў

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны

У палоне ў баевікоў на Данбасе застаюцца 245 украінскіх вайскоўцаў, сярод якіх ёсьць і жанчыны.

Пра гэта паведаміла ўпаўнаважаная прэзыдэнта Ўкраіны па мірным урэгуляваньні канфлікту на Данбасе, народны дэпутат Ірына Герашчанка, паведамляе УНІАН.

Сёньня былі вызваленыя 10 вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў палоне ад 6 да 9 месяцаў, ім патрэбна псыхалягічная дапамога.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка напісаў у фэйсбуку з гэтай нагоды: «Сябры, добрая навіна — з палону вызваленыя 10 нашых хлопцаў! Ужо хутка іх сем’і змогуць абняць Герояў». https://www.facebook.com/petroporoshenko?fref=nf

За 2 месяцы працы Менскай падгрупы па гуманітарных пытаньнях украінскаму боку ўдалося вызваліць каля 30 вайскоўцаў.

Украіна рыхтуецца да правядзеньня вялікага абмену палоннымі з сэпаратыстамі, які можа адбыцца ў бліжэйшы час. Пра гэта раней паведаміў украінскім СМІ прадстаўнік Цэнтру садзейнічаньня вызваленьню закладнікаў Юры Тандзіт. Ён адзначыў, што дакладны час магчымага абмену не называецца зь меркаваньняў бясьпекі.