Лукашэнка едзе ва Ўфу. Беларусь можа атрымаць статус назіральніка ў ШОС

Аляксандар Лукашэнка плянуе ўзяць удзел у самітах Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС — ШОС у расейскай абрэвіятуры) і краінаў BRICS (Бразылія, Расея, Індыя, Кітай і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), якія пройдуць 7-8 ліпеня ва Ўфе (Расея). Пра гэта паведамляе БелаПАН.

«Прэзыдэнт Беларусі разам з дэлегацыяй будзе на мерапрыемствах ва Ўфе — цытуе агенцтва прэсавую сакратарку кіраўніка дзяржавы Натальлю Эйсмант. — Пакуль па праграме ўсё яшчэ ўдакладняецца. Час знаходжаньня і прылёту залежыць ад таго, якой будзе праграма. Мерапрыемствы вялікія, будзе шмат дэлегацыяў, таму і па праграме ёсьць самыя розныя варыянты. Гэта ўсё яшчэ цяпер у працэсе прапрацоўкі».

Беларусь на саміце спадзяецца атрымаць статус назіральніка ў ШАС — пра гэта паведаміў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімер Макей 8 чэрвеня ў Маскве на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы са сваім расейскім калегам Сяргеем Лаўровым.

«Беларусь ужо на працягу пяці гадоў мае статус партнэра па дыялёгу з ШАС. Мы зацікаўленыя ў тым, каб удзел Беларусі быў забясьпечаны ў арганізацыі на больш высокім узроўні. Таму мы спадзяемся, што ў нас атрымаецца ў бліжэйшым часе забясьпечыць прыняцьце палітычнага рашэньня аб падвышэньні статусу Беларусі ў ШАС да назіральніка і завяршыць неабходныя прававыя фармальнасьці», — сказаў Макей.

***

ШАС — рэгіянальная міжнародная арганізацыя, заснаваная ў 2001 годзе Кітаем, Расеяй, Казахстанам, Таджыкістанам, Кіргізстанам і Узьбекістанам. За выключэньнем Узьбекістану ўсе гэтыя краіны былі ўдзельніцамі «Шанхайскай пяцёркі», заснаванай у выніку падпісаньня ў 1996-1997 гадах пагадненьняў аб умацаваньні даверу ў вайсковай вобласьці і аб узаемным скарачэньні ўзброеных сіл у раёне мяжы.

Практычнае ўзаемадзеяньне ў рамках BRICS пачалося ў верасьні 2006 году, калі з ініцыятывы прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў кулюарах сэсіі Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку адбылася першая сустрэча кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў Бразыліі, Расеі, Індыі і Кітаю.

Першы саміт міждзяржаўнага аб’яднаньня BRIC тады яшчэ 4 краінаў адбыўся ў 2009 годзе. На трэцім годзе існаваньня групы (у 2011 годзе) да яе далучылася Паўднёвая Афрыка (Republic of South Africa), тым самым утвараючы BRICS.