Рэйтынг недзеяздольнасьці дзяржаваў (Fragile States Index; раней Failed States Index) — гэта індэкс, які ацэньвае няздольнасьць уладаў кантраляваць цэласьць тэрыторыі сваёй краіны, а таксама дэмаграфічную, палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне. Індэкс вылічваецца і штогод публікуецца амэрыканскім Фондам міру (Fund for Peace) і часопісам Foreign Policy.
У параўнаньні зь леташнім індэксам Беларусь перасунулася на тры месцы ўгору, то бок яе недзеяздольнасьць павялічылася (паводле мэтодыкі вылічэньня, чым вышэйшы індэкс і вышэйшае месца, тым больш недзеяздольная дзяржава). Індэкс Беларусі павялічыўся з 75.0 (2014) да 75.6 (2015).
Месцы некаторых постсавецкіх краінаў у сёлетнім індэксе: Расея (65), Грузія (70), Азербайджан (80), Украіна (84), Малдова (96), Арменія (108).
Месцы суседзяў Беларусі, якія ўваходзяць у Эўразьвяз: Польшча (153), Літва (148), Латвія (140).
Найменш недзеяздольнымі дзяржавамі зьяўляюцца: Фінляндыя (178 — 17.8), Швэцыя (177 — 20.2), Нарвэгія (176 — 20.8) і Данія (175 — 21.5).
Найбольш недзеяздольнымі дзяржавамі, паводле гэтага рэйтынгу, аказаліся: Паўднёвы Судан, Самалі, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка, Судан.
Сярод паказьнікаў, паводле якіх робіцца ацэнка — дэмаграфічны ціск (вызначаецца шчыльнасьцю насельніцтва і наяўнасьцю этнічных канфліктаў); узровень эміграцыі; эканамічная сытуацыя; канфлікты ў сілавых структурах і эліце; легітымнасьць дзяржавы; ступень прыхільнасьці выкананьню законаў і захаваньню правоў чалавека; рызыкі замежнага ўмяшаньня ў палітычныя і ваенныя канфлікты; а таксама залежнасьць ад вонкавага фінансаваньня.