Патрыярх Грузіі: Паводка была пакараньнем за грахі камуністаў

Пасьля паводкі ў заапарку Тбілісі

Кіраўнік грузінскай праваслаўнай царквы, Патрыярх Ільля II, лічыць, што паводка ў Тбілісі было пасланая за грахі камуністаў.

Падчас нядзельнай казані патрыярх заявіў, што заапарк, адкуль зьбеглі драпежнікі, быў пабудаваны на грошы, атрыманыя ад пераплаўленьня царкоўных крыжоў і званоў.

Ільля ІІ прапанаваў, каб заапарк быў адноўлены ў іншым месцы, таму што гэты «быў заснаваны на граху».

Тбіліскі заапарк, заснаваны ў 1927 годзе, быў амаль цалкам разбураны ў выніку паводкі14 чэрвеня. Тры супрацоўнікі заапарку загінулі ў наступстве стыхійнага бедзтва. Загінулі таксама дзесяткі жывёлаў. Большасьць, як мяркуецца, патанула, але пэўная колькасьць — у тым ліку бегемоты, мядзьведзі, тыгры і ваўкі — апынулася на гарадзкіх вуліцах. Некаторых злавілі і вярнулі ў заапарк, некаторых застрэліла паліцыя.