Беларуская партыя жанчын «Надзея» заклікала беларусак падтрымаць Лябедзьку

Аргкамітэт па стварэньні беларускай жаночай партыі «Надзея» заклікаў беларускіх жанчын падтрымаць на прызыдэнцкіх выбарах лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

У адмысловай заяве гаворыцца, што гэта кандыдат ад партыі, «якая мае рэальную праграму эканамічнай стабілізацыі краіны і якая лічыць адным з прыярытэтаў захаваньне гендэрнай роўнасьці».

«Маючыя адбыцца прэзыдэнцкія выбары — гэта чарговая прафанацыя, таму што выбараў у гэтай краіне няма. Але ўдзельнічаць у іх неабходна, — пракамэнтавала ucpb.org прынятае рашэньне лідэр „Надзеі“ Алена Яськова. — І ад таго ж Анатоля Уладзімеравіча, зь якім мы супрацоўнічаем па розных напрамках — гендэрнай роўнасьці, карупцыі і іншым — мы ведаем, што ў яго партыі ёсьць сапраўдная эканамічная праграма, ёсьць сапраўдная гендэрная адчувальнасьць, і чакаем, што гэта будзе агучана, дойдзе да шырокіх слаёў насельніцтва і асэнсавана. Гэта вельмі важна — працаваць на пэрспэктыўныя вынікі і на перамены, якія рана ці позна адбудуцца ў краіне. Таму, хоць мы і ўваходзім у Саюз левых партый і падтрымалі Сяргея Калякіна, мы ад усёй душы, як жанчыны Беларусі, падтрымліваем Анатоля Лябедзькі і пазыцыю АГП па пераменах у грамадзтве, па ўсталяваньні гендэрнай роўнасьці і пэрспэктываў разьвіцьця нашай краіны».

У размове з карэспандэнтам Свабоды Алена Яськова адзначыла, што прадстаўніца «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і намесьнік старшыні ТБМ Алена Анісім, якія таксама маюць прэзыдэнцкія амбіцыі, не надавалі ўвагі праблеме гендэрнай роўнасьці.

«Што да Караткевіч і Анісім, то мы зь імі не супрацоўнічалі. І агучаныя імі пазыцыі не зрабілі на нас глыбокае ўражаньне. Тут жа ў нацыянальнай гендэрнай плятформе бралі ўдзел многа арганізацый, палітычных партый, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. А тая ж Караткевіч, „Гавары праўду“ і „Народны рэфэрэндум“, няясна што гэта за аб’яднаньне, рух ці арганізацыя, не. Таму гэта наша рашэньне абгрунтаванае».