«Гомсельмаш» перайшоў на чатырохдзённы працоўны тыдзень

«Камбайны стаяць, і ніхто іх не купляе», — кажуць рабочыя гомельскага прамысловага гіганта.

5 чэрвеня найбуйнейшы ў Беларусі вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі — дзяржаўнае акцыянэрнае таварыства «Гомсельмаш» выправіла ў вымушаны адпачынак тысячы сваіх рабочых.

Паводле загаду генэральнага дырэктара Аляксандара Камко, сельмашаўцы будуць «на канікулах» усе працоўныя пятніцы — 5, 12, 19, 26, а таксама 27 чэрвеня.

Кіраўніцтва «Гомсельмаша» тлумачыць дадатковыя дні адпачынку «зьніжэньнем аб’ёмаў вытворчасьці, паступленьня грашовых сродкаў, адсутнасьцю поўнага матэрыяльнага забесьпячэньня».

Рабочы заводу самаходных камбайнаў, які назваўся Алегам, так камэнтуе сытуацыю:

«Усё кепска. Чатырохдзёнка, працы бракуе. Прэм’ер-міністры езьдзяць, а толку нямашака. Камбайны стаяць, і ніхто іх не купляе».