Лекар В. Адамкуса: «Хвароба прагрэсуе, патрэбная апэрацыя»

Валдас Адамкус. Фота: P. Mantautas, lrytas.lt

Прэзыдэнтаў лекар Рэмігіюс Наргела пацьвердзіў тэлеканалу Lietuvos rytas, што пацыенту не ўдаецца цалкам перамагчы ракавае захворваньне.

«Усё ж гэта не звычайная хвароба. Яна прагрэсуе. Цяпер магчымае толькі радыкальнае лячэньне, радыкальная апэрацыя», — паведаміў лекар. Ён пацьвердзіў, што давядзецца выдаліць нырку.

У сераду былы прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус прыехаў у Коўна, дзе яму былі ўручаныя рэгаліі Ганаровага сябра Мальтыйскага ордэну. Ён прызнаўся, што паездка туды была цяжкая і забрала шмат сілаў.

Тры гады таму ў нырцы В. Адамкуса былі выяўленыя клеткі, пашкоджаныя ракам.

Год таму лекары віленскага ўнівэрсытэцкага шпіталя ў Сантарышках, пасьля кансультацыяў з спэцыялістамі чыкагскай унівэрсытэцкай клінікі, вядомай найнавейшымі тэхналёгіямі, параілі пацыенту выканаць працэдуру замарожаньня пухліны, каб пазьбегчы хірургічнай апэрацыі.

Такая самая працэдура была выкананая і ў красавіку 2012 году. Пазьней у Вільні пацыенту давялося прайсьці не адзін складаны сэанс хіміятэрапіі.

У канцы мінулага году В. Адамкус радаваўся добрым прагнозам лекараў. Сьцьвярджалася, што 90 працэнтаў пухліны ўдалося зьнішчыць. Наконт астатніх 10 працэнтаў было даручана праверыцца гэтай вясной — стан нырак пацыента лекары дасьледуюць раз на паўгода.

Пасьля апошняга дасьледаваньня было выяўлена, што хвароба прагрэсуе, таму было вырашана правесьці хірургічную апэрацыю.