Мужчына, які ва Ўкраіне ўзяў закладнікаў, забіты

Your browser doesn’t support HTML5

Мужчына, які застрэліў двух чалавек і ўзяў у закладнікі трох супрацоўнікаў на аўтазапраўцы каля пасёлку Кароціч Харкаўскай вобласьці, забіты, паведаміў старшыня Харкаўскай абласной дзяржадміністрацыі Ігар Райнін.

«Злачынца зьнішчаны. Усе закладнікі жывыя і здаровыя. Сытуацыя ўскладнялася тым, што ўсё адбывалася на бэнзазапраўках», — паведаміў Райнін журналістам каля месца здарэньня ў панядзелак увечары.

Журналіст Радыё Свабода, які прысутнічае на месцы здарэньня распавядае, што каля 20.30 было чуць некалькі стрэлаў. Пасьля гэтага ў напрамку АЗС пабеглі людзі ў камуфляжы і са зброяй. Затым на месца пад’ехалі некалькі аўтамабіляў хуткай дапамогі і пажарныя.

Карэспандэнт Радыё Свабода паведамляе з месца падзеі, што на 21.25 аўтазапраўка аточаная сілавікамі, на месцы працуюць экспэрты.

Сёньня, 25 траўня, у Харкаўскім абласным упраўленьні МУС Ўкраіны паведамілі, што невядомы абстраляў людзей, забіўшы дваіх чалавек, пасьля чаго на АЗС захапіў закладнікаў. Паводле зьвестак міліцыі, «высьветлена, што злачынцам зьяўляецца 48-гадовы мясцовы жыхар».

Партал gordonua.com паведамляў, што злачынца патрабаваў даць яму калідор на тэрыторыю, пад кантролем сэпаратыстаў.