ЗША абвясьцілі аб забойстве аднаго зь лідэраў экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава» Абу Сайафа.
Апэрацыя спэцназу ЗША праводзілася на ўсходзе Сырыі. У паведамленьні Белага дома, апублікаваным 16 траўня, гаворыцца, што рэйд супраць экстрэмістаў праведзены па загадзе прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Абу Сайаф адказваў у кіраўніцтве «Ісламскай дзяржавы» за здабычу і выкарыстаньне нафты і газу ды кіраваў фінансамі.
Агенцтва Reuters паведамляе, што гэта першая зь вядомых апэрацый спэцназу ЗША на тэрыторыі Сырыі, калі ня ўлічваць праваленыя ў мінулым годзе сакрэтныя спробы выратаваньня групы амэрыканскіх ды іншых замежных закладнікаў, захопленых «Ісламскай дзяржавай».
Прадстаўнік Рады бясьпекі ЗША Бэрнадэт Міган заявіла, што апэрацыя праводзілася з тэрыторыі Іраку пры поўнай згодзе іракскіх уладаў. Яна адзначыла, што Белы дом не папярэджваў урад Сырыі аб правядзеньні апэрацыі і не каардынаваў свае дзеяньні з сырыйскімі ўладамі.