Катастрофа на галоўнай чыгунцы ЗША

Ілюстрацыйнае фота

На поўнач ад Філядэльфіі ў аўторак увечары пацярпеў крушэньне хуткі цягнік, які накіроўваўся з Вашынгтону ў Нью-Ёрк.

Паводле зьвестак выратавальных службаў, дзесяць вагонаў у галаве цягніка сышлі з рэек на павароце і ўпалі на бок.

Паведамляецца, прынамсі, пра пяць загіблых. Каля пяцідзесяці чалавек, якія атрымалі траўмы, шпіталізаваныя ў мясцовую бальніцу. У цягніку знаходзіліся прыкладна 230 пасажыраў і 5 чалавек брыгады.

Рух на галоўнай чыгуначнай лініі Амэрыкі, якая злучае Бостан і Вашынгтон, перапынены, прынамсі, да раніцы. Многія з пасажыраў, якія знаходзіліся ў вагонах, што сышлі з рэек, змаглі выбрацца без староньняй дапамогі да прыбыцьця ратавальнікаў.

На месца здарэньня прыбылі супрацоўнікі Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў. Паводле іх, прыкметаў таго, што гэта быў тэрарыстычны акт, няма.